• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як ставіцца да тых, хто не сышоў з дзяржСМІ пасля 2020 года? Сабралі меркаванні калег

    Пасля пераезду ў Польшчу фатографа Аксаны Манчук, якая толькі нядаўна звольнілася з БЕЛТА, сярод беларускіх медыйшчыкаў разгарэлася дыскусія: як ставіцца да тых, хто застаўся ў дзяржСМІ пасля пратэстаў 2020 і пачатку вайны ва Украіне? Ці можна лічыць доўг перад дзяржагенцтвам падставай для супрацоўніцтва з ім? БАЖ спытаўся ў калег, як, на іх погляд, варта ставіцца да тых, хто сыходзіць толькі зараз.

    Дзяніс Дудзінскі: «Што, мы павінны хейціць чалавека, які вядзе «Калыханку»?»

    — Цяпер ідзе цалкам зразумелая і натуральная экстрапаляцыя. Мы ведаем, што самае зло — гэта прапаганда. Прапаганда ідзе адкуль? З тэлевізара. Адпаведна, усё, што тычыцца тэлевізара і тэлебачання, звычайныя людзі адразу ж заносяць у катэгорыю «дрэнна».

    Тое самае можна пераносіць, напрыклад, на сілавыя структуры, МУС. Але ж ёсць людзі, якія там сапраўды займаюцца расследаваннем злачынстваў. Хаця б тыя ж даішнікі. Пасля, калі дэмакратычныя сілы прыйдуць да ўлады, мы будзем хейціць усіх даішнікаў і следчых? Ну, не, вядома. Але з пункту гледжання сярэднестатыстычнага абывацеля, усіх тых, хто працуе на тэлебачанні, у органах, у КДБ, у ДФР, у камітэце дзяржкантролю пасадзіць трэба. Што такі ход думак гаворыць аб канкрэтным чалавеку? У прынцыпе, нічога страшнага: кожны сам для сябе вырашае, як ставіцца да тых ці іншых людзей.

    Денис Дудинский и газета Вечерний Минск

    Дзяніс Дудзінскі. Фота: асабістая старонка ў Face­book

    Я цалкам спакойна маю зносіны з людзьмі, якія працягваюць працаваць на тэлебачанні. Зразумела, я не кажу зараз пра тых, хто працуе ў навінах ці ў прапагандзе, — гэта ўжо гнілата, ад якой ў будучыні трэба будзе пазбаўляцца.

    Ва ўсім астатнім праца на тэлебачанні нічым не адрозніваецца ад любога прадпрыемства: хтосьці настройвае камеры, хтосьці настройвае камунікацыйныя сеткі, хтосьці расказвае пра надвор’е. І што, мы павінны чалавека, які вядзе «Калыханку», хейціць зараз? Не, ніколі такога не будзе.

    З майго гледзішча ўсё залежыць ад таго, што ты робіш. Ідэолаг на заводзе, які расказвае рабочым, як добра цяпер у Беларусі, які Лукашэнка добры, — гэта зло. Але звычайны працоўны, які выточвае якую-небудзь дэталь ці стаіць на канвееры, — якое дачыненне ён мае да ідэалогіі? Тое ж самае і тэлебачанне.

    У кожнага ёсць свой парог. Адны з тэлебачання сышлі, напрыклад, 1996 годзе, іншыя – у 2000‑м, была хваля ў 2020 годзе. Як тэлевізіёншчыкі, якія расталіся з любімай справай у 1996‑м, паставіліся да тых, хто прыйшоў пасля іх? А да тых, хто выступіў супраць у 20‑м? Калі пачаць разбірацца, можна і заблытацца.

    Чалавек, які з’ехаў , які страціў шматлікае, калі не ўсё, адчувае ўнутраны боль. А тут раз — ён бачыць, што нехта яшчэ сышоў з праўладнага тэлеканала ці праўладнага рэсурсу. І той, хто вырашыўся на гэты крок раней, лічыць, што ў яго больш правоў. Магчыма, з чалавекам, які ў 2010 годзе сышоў з тэлебачання, гэтак жа зрабілі тыя, хто сышоў у 1996. Маўляў, а чаго гэта раптам ты толькі ачуўся ў 2010‑м? Раней трэба было думаць. А потым той, хто пайшоў у 2010, пачынае тое ж самае выліваць на тых, хто пайшоў у 2020 годзе. Думаю, гэта такая вось вайсковая дзедаўшчына. І я яе разумею, але не ўхваляю.

    Мы ж імкнемся да прыгожай, дэмакратычнай, прававой — чалавечай — дзяржавы. Ужо зыходзячы з гэтага нельга ўсіх ненавідзець. Інакш нам давядзецца тысячы беларусаў хейціць, бо палова грамадзян краіны працуе ў дзяржсектары і плаціць падаткі ў кішэню Лукашэнкі…

    А калі ідзе гаворка пра другі шанец, дык хочацца спытаць: вось хто гэтыя людзі, якія бяруць на сябе права даваць другі шанец? У мяне, прабачце, адзін адказ: «Ідзіце на **й». Усё. Гэта нават не варта таго, каб разважаць, каб нешта даказваць гэтаму чалавеку. Няважна, ці тычыцца гэта мяне ці маіх таварышаў, сяброў, калегаў, былых калегаў, якія цяпер — у 2024 — сыходзяць (ці сыдуць у далёкім 30‑м).

    Паўтаруся: тут пытанне толькі ў тым, што ты рабіў на тэлебачанні. Калі кожную раніцу выходзіў у навінах і расказваў, які Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка вялікі прэзідэнт і вялікі стырнік, а вось зараз раздумаўся і вырашыў, што хопіць, то ў многіх узнікнуць пытанні. Асабіста я добра ўзважу, як ставіцца да прапагандыста (хай і былога). Мусіць, я не змагу з ім мець зносіны. Але ці буду казаць, што ён павінен пакаяцца перад народам? Ды не: як сам вырашыць, так і зробіць.

    Наста Захарэвіч: «Хваля крытыкі — і ёсць адказнасць за ўчынак»

    — Я ўпэўнена, што пасля 2020 года немагчыма было сябе неяк угаворваць, што «я займаюся чымсьці не палітычным у дзяржаўных СМІ». Гэтыя медыі сталі да максімальнай ступені рупарам прапаганды. Зразумела, што яны заўжды ім былі, але ёсць адценні, розныя ўзроўні.

    А пасля дваццатага году настолькі ўсё стала адназначна, што мне падаецца, гэта вельмі хлуслівая пазіцыя казаць, што «вось я працую там у АТН, але раблю пра культуру». Абсалютна шчыра лічу гэта самападманам у самым лепшым выпадку.

    Наста Захарэвіч

    Наста Захарэвіч. Фота: з асабістай старонкі ў Face­book

    Альбо гэта проста падман. Ну няма ніякай «проста культуры», ніякай «проста музыкі», ніякай «проста літаратуры». Таму што ну а як працаваць у культуры не палітычна, калі такое адбываецца з Купалаўскім тэатрам? Як пісаць пра медыцыну не палітычна, калі там такія катастрофы з пастаўкамі медыкаментаў і са звальненнем няўгодных дактароў? І гэтак далей. 

    Таму для мяне чалавек, які застаўся пасля дваццатага года працаваць у дзяржаўных СМІ, гэта альбо чалавек, які свядома падтрымлівае сістэму, альбо чалавек, у якога ну не ўсё вельмі добра альбо з сумленнем, альбо з логікай. Бо працуючы ў прапагандысцкай сістэме, чалавек з’яўляецца часткай усёй прапагандысцкай архітэктуры. Калі гэтых частак не будзе, архітэктура рухне. Канешне, мае апаненты могуць сказаць, што тады гэтых людзей заменяць расійскія прапагандысты. Згодна, гэта магчыма. Але мне падаецца, што гэта ну так сабе тлумачэнне і апраўданне, каб працягваць працаваць. 

    Безумоўна, хтосьці можа рабіць выбар заставацца там і падрываць сістэму знутры, рабіць нейкі сабатаж. Гэта супер, і я ўпэўнена, што ёсць людзі, якія на такое ідуць. Яны разумеюць, што іх не будуць нахвальваць, што яны, хутчэй за ўсё, трапяць пад агульны каток асуджэння. Але калі чалавек настолькі свядомы і хітры, што разбурае сістэму знутры, то ён разумее, што нармальна трапіць пад асуджэнне. Гэта непрыемна, але ніякай катастрофы тут не бачу. Але ж там вельмі мізэрная частка людзей, якія героі, якія партызаняць. 

    А пазіцыя: «Вось я тут проста пасяджу, але не буду асабліва яскрава выказвацца»… Ну дык ты падтрымліваеш сістэму тым, што ты ў ёй сядзіш. Вось гэта для мяне адназначна: праца ў прапагандзе гэта ўсё адно праца ў прапагандзе. 

    Я думаю, што нам вельмі не хапае інстытуту рэпутацыі. І гэта вельмі добра, калі ён нарэшце пачне выбудоўвацца. Але зноўку ж, тут важна разумець адценні. Калі мы кажам пра канкрэтную гісторыю з фатографкай БЕЛТА, то калі ёй хтосьці пагражае, ёй варта звяртацца ў паліцыю. Такога не павінна быць.

    Нам трэба разумець, што грамадзянскае асуджэнне мусіць ісці да нейкай мяжы. Нельга скатвацца ў пагрозы ці, напрыклад, пераслед гэтай дзяўчыны. Але павінна быць магчымасць выказваць сваю пазіцыю адносна яе ўчынку: яна лічыць, што ўсё зрабіла правільна, а я буду стаяць на тым, што не. 

    Як трэба ставіцца да тых, хто сышоў нядаўна, я не ведаю. У мяне няма знаёмых ці сяброў, хто б застаўся ў дзяржаўных медыях пасля дваццатага года. Ёсць знаёмыя, якія працавалі там калісьці вельмі даўно. Агулам для мяне гэта адназначна не тыя, з кім я б стала падтрымліваць блізкі кантакт, якія ўвайшлі б у маё блізкае кола. Больш за тое, я ўпэўнена, што ўсіх такіх людзей мусяць абавязкова правяраць спецслужбы тых краін, у якія яны заязджаюць. Таму што, канешне, хочацца верыць, што ўсё-такі яны перайшлі на светлы бок. Але не трэба жыць у ілюзіях: дастаткова людзей, якія едуць агентамі. І правяраць былых супрацоўнікаў дзяржСМІ абсалютна нармальна, гэта не цкаванне.

    Ці трэба супрацоўнічаць з імі?  Зразумела, што кожная рэдакцыя робіць уласны выбар, каго браць на працу. Я б не стала. Ёсць вельмі шмат прагрэсіўных людзей, якія даўно паказалі свае каштоўнасці, свае прафесійныя здольнасці ў незалежных СМІ. Чаму раптам трэба аддаць перавагу тым, хто працаваў у не вельмі канкурэнтным асяродзі дзяржаўных медый, якое нават не было журналісцкай сферай, а хутчэй прапагандысцкай? Не ўяўляю, як павінна скласціся сітуацыя, каб я палічыла, што лепш узяць у калектыў толькі што сышоўшага з БТ чалавека, чым чалавека з досведам на TUT.BY, Hrodna.life ці іншых незалежных рэдакцыях. 

    Кацярына Ваданосава: «Дзе будзе залатое эталоннае мерыла, якім трэба кіравацца?»

    — Я лічу, што паўсюль ёсць і мярзотнікі, і нармальныя людзі. Людзей вызначаюць паводзіны ў канкрэты момант і тое, наколькі чалавек кіруецца ўласным сумленнем. Гэта лёсавызначальна. Таму як сёння ставіцца да тых, хто працягвае працаваць у сістэме, і больш за тое, актыўна гэтай сістэме прыслужвае, пытанне вельмі складанае.

    Мне падаецца, што калі б у жніўні дваццатага года ў мяне былі крэдыты ці там не пагашаныя даўгі, хутчэй за ўсё я б нырку прадала, каб пагасіць іх і проста не мець нічога агульнага са структурай, якая настолькі забрудзіла ўласнае рэнамэ і ўласнае імя, што заставацца ў ёй у любым выглядзе было трошкі дзіўна.

    Кацярына Ваданосава народны строй

    Кацярына Ваданосава. Фота: з асабістай старонкі ў Face­book

    Вось ёсць людзі, якія працуюць, напрыклад, на той жа Беларусь‑3, дзе ёсць толькі навіны культуры. Зразумела, што пасля 2020 года трошкі дзіўна заставацца ў гэтай структуры. Але ў кожнага свае абставіны. У мяне такіх абставінаў не было, я не разглядала спробу застацца на працоўным месцы. Хаця мая праграма не была звязаная з прапагандай, я ўвогуле даведалася, як выглядае Эйсмант, толькі ў 2020 годзе.

    Справа ў тым, што ў нас уся Беларусь — дзяржаўная структура. Можна ўзяць настаўнікаў, лекараў, нават дворнікаў — і гэта ўсё будзе праца ў дзяржсектары. Іншая справа, што людзі часта нават проста не атаясамліваюць сябе з дзяржавай. Шрубкі сістэмы, якія нават не ведаюць, што яны імі з’яўляюцца. І адна справа, калі ты працуеш дворнікам сумленна, а іншая — калі ты, напрыклад, выдаеш тых, хто намаляваў Пагоню.

    Так і ў дзяржСМІ. Калі ты здымаеш праграму пра культуру да жніўня дваццатага года і абсалютна не кантактуеш з навіншчыкамі – гэта адна справа. Іншая – калі абсалютна загружаны ў гэтую позву, калі ты фармуеш яе, а то і гаворыш ад асобы дзяржавы, прапагандуючы яе наратывы.

    Што тычыцца тых, хто ўжо пасля дваццатага года працягваюць здымаць тыя ж праграмы пра, умоўна кажучы, беларускую кухню — не ведаю, чым кіруюцца гэтыя людзі. Я з імі знаёмая, з некаторымі нават не па доўгу службы, а па іншых падзеях: этнаграфічныя святы, літаратурныя вечарыны, канцэрты. Але не настолькі добра іх ведаю і не кантактую з імі, каб разумець, што іх трымае там.

    Зараз, можа быць, яны зусім не чытаюць навіны, можа быць, прыходзяць на працу толькі дзеля таго, каб убачыць, умоўна кажучы, двух сваіх аператараў і зняць ролік. Застаецца толькі верыць, што яны і там уціхую трымаюць пальцы крыжыкам, і не служаць сістэме, а падрываюць яе знутры. Але, шчыра кажучы, як мне падаецца, яны ўжо нават не задумваюцца пра гэта.

    Калі хтосьці сыходзіць зараз, я ім не суддзя. Няхай гэтым займаюцца іншыя людзі: камісія па люстрацыі ці яшчэ хтосьці. І не дай божа ўвайсці ў штосьці падобнае, бо не хачу браць на сябе такі цяжар. Не ведаю, ці можна іх прыраўняць да супрацоўнікаў прапаганды. Дзе будзе залатое эталоннае мерыла, якім трэба кіравацца? Другая справа, што тыя людзі, якія будуць адчуваць, што на іх сумленні ляжыць камень, павінны ўсвядоміць тое, што яны рабілі. Не абавязкова публічнае, але павінна быць асэнсаванне пэўных учынкаў.

    На сённяшні момант я не захавала абсалютна ніякіх кантактаў з тымі людзьмі, якія дагэтуль застаюцца ў сістэме. Калі я звольнілася, шмат хто спрабаваў нават апраўдацца: мне казалі, што «ў мяне ж крэдыты, дзеці» і гэтак далей. А вось у мяне, напэўна, не было нічога: ні дзяцей, ні жытла, канешне (гаворыць Кацярына з сарказмам — БАЖ). Але ж я змагла гэта ўсё прынесці ў ахвяру пачуццю ўласнага замілавання. Зразумела ж, падобныя аргументы выглядаюць смешна.

    Мой музычны гурт разваліўся ў 20‑м годзе з той нагоды, што частка музыкаў не пайшла граць дваровыя канцэрты. Мне было вельмі цяжка ім дараваць, таму што гралі я і мая цымбалістка, якая сядзела на Акрэсціна і ў Жодзіна і пабачыла на ўласныя вочы ўсе жахі пачатку жніўня дваццатага года. А мужчыны, якія былі такія здаровыя, барадатыя, не пайшлі з намі.

    І мне было вельмі цяжка гэта зразумець і прыняць. Вось чым можна прыкрывацца? Як можна сябе апраўдваць у такой сітуацыі?

    Але зараз, калі б мне хтосьці з іх напісаў, я б спакойна адказала. Канешне, не стала б з імі працягваць працу ці рабіць штосьці супольнае. Але ў мяне не засталося абсалютна ніякай злосці, нянавісці ці пачуцця помсты ў дачыненні да тых людзей. Тым больш што, наколькі я разумею, іх трошкі паматала, нават калі яны спрабавалі не высоўвацца. Таксама і з супрацоўнікамі тэлебачання. Вядома, што сваё кожны будуе сам. Але мне абсалютна не важна, што з гэтымі людзьмі будзе.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці