• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы сцвярджае, што гатовы праект пастановы аб стварэнні адзінай медыякампаніі. Што з ёй не так?

    Чыноўнікі віртуальнай Саюзнай дзяржавы зноў завялі гаворку пра стварэнне адзінай медыякампаніі. Раз у паўгады яны выцягваюць пажаўцелыя паперы з-пад сукна і абяцаюць «вось-вось». Цяпер гаворка ідзе пра праект пастановы, паведамляе дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА.

    — Мы падрыхтавалі праект пастановы, — заявіў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў. — Мяркуецца стварэнне адзінай медыякампаніі Саюзнай дзяржавы, якая возьме на сябе каардынацыю і забяспечыць выпуск на старонках друкаваных выданняў, тэлеканалаў і інтэрнэт-рэсурснага кірунку (яму шмат будзе нададзена ўвагі) таго кантэнту, інфармацыі, якая будзе звязаная не толькі з узаемадзеяннем у фарматах Саюзнай дзяржавы. Пра нашу гісторыю, пра нашыя планы, пра тое, як мы рэагуем на той ціск, у тым ліку ментальны. Мы хочам, каб гэта быў вельмі цікавы, магутны набор задач, які будзе пад сілу абноўленаму калектыву.

    Гаворка пра стварэнне адзінай медыякампаніі вядзецца даўно і ўсё часцей нагадвае містыфікацыю. Напрыклад, год таму Лукашэнка дзяліўся сваімі марамі ў гэтым накірунку.

    — Калісьці мы абмяркоўвалі пытанне стварэння сумеснага медыяхолдынгу, — сказаў ён 9 студзеня 2023 года. — Я яшчэ раз нагадваю: наша агульнае рашэнне — прэзідэнтаў Расіі і Беларусі — стварыць добры, дыхтоўны, магутны, абавязкова сучасны. У адваротным выпадку будзем марнаваць грошы, а толку не будзе. Да каго мы тут сёння прышпілімся? Да каго Беларусь і Расія могуць прышпіліцца? Наш лёс — ісці ўдваіх і каб да нас нехта прышпіляўся. Таму я думаю, што гэты медыяхолдынг сёлета, пажадана ў першай палове года, павінен запрацаваць.

    Прайшло паўгода, пасля яшчэ такі ж час, а справа, здаецца, не скранулася з мёртвай кропкі. Чыноўнікі абвяшчаюць пра праекты, паперы, намеры, але канкрэтыкі — аніякай. Медыяэксперты лічаць, што рэальны матыў — доступ да саюзных грошаў.

    — Для Расіі такія бюджэты не маюць вялікага значэння, а для беларускіх дзяржаўных медыя — гэта даволі-такі вялікі кавалак, — адзначаў год таму медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі. — Адкуль атрымліваюць фінансаванне беларускія дзяржаўныя медыя? Найперш гэта — бюджэт, па-другое — нейкая камерцыйная дзейнасць. Зараз камерцыйнай дзейнасці даволі мала, таму фактычна адзіная крыніца, якая засталася ў распараджэнні, — грошы ад «саюзнай дзяржавы». Таму ўсе размовы наконт стварэння саюзнага медыяхолдынга маюць адзін падтэкст: можна нешта пралабіраваць, а значыць, нешта і атрымаць.

    Другім намерам можа быць запаўненне інфармацыйнай прасторы, якая моцна пацярпела ад рэпрэсіяў. Ва ўмовах калі незалежная журналістыка крыміналізаваная, медыі выціснутыя, а іх сайты ў Беларусі заблакаваныя, натуральна ўзнік інфармацыйны голад. Бракуе СМІ, якія б былі папулярныя і займалі больш-менш нейтральную пазіцыю.

    — Што не атрымлімваецца рабіць у беларускіх уладаў, дык гэта запускаць медыяпраекты, якія жывуць самастойным жыццём і выглядаюць незалежнымі, а значыць, выклікаюць давер, — лічыць Паўлюк Быкоўскі. — Калісьці ўлады запусцілі штотыднёвік «Обозреватель», які мусіў замяніць газету «Свободные новости». Гэты праект не стаў такім паспяховым, хаця гэта была адна з рэдкіх спробаў стварыць альтэрнатыўнае выданне не пад прамым дзяржаўным кантролем.

    Чытайце яшчэ:

    Адціснуць TUT.BY не атрымалася, але мары пра нейкі «моцны медыяхолдынг» засталіся

    Што цяпер нельга паглядзець на «Беларусь 5»? Як існуе дзяржаўнае тэлебачанне без міжнароднага спорту

    Аднойчы знікнуць усе газеты. І што далей?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці