• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіст Яўген Меркіс адбывае зняволенне ў Шклове

    Гомельскага журналіста і краязнаўца Яўгена Меркіса накіравалі адбываць прысуд у папраўчую калонію № 17, што месціцца ў горадзе Шклове. Туды яго этапавалі з гомельскага СІЗА яшчэ 9 верасня, але вядома пра гэта стала толькі цяпер. Яўген мае знаходзіцца ў шклоўскай калоніі да сакавіка 2026 года.

    Сёлета ў траўні суддзя Гомельскага абласнога суда Аляксей Хлышчанкоў пакараў Яўгена Меркіса 4 гадамі пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Залічана дзевяцімесячнае знаходжанне Яўгена ў следчым ізалятары з разліку: дзень у СІЗА — паўтара дня ў калоніі. Журналіста прызналі вінаватым на падставе ч. 1 і ч. 2 артыкула 361–4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), а таксама паводле ч. 3 артыкула 361–1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»).

    Суд вёўся ў закрытым рэжыме. З адваката ўзятая падпіска пра невыдаванне. Адкрытым зрабілі толькі агалошванне рэзалюцыйнай часткі выраку.

    Дакладна невядома, што менавіта паставілі ў віну Яўгену. Паводле  праваабаронцаў і сяброў, «экстрэмізм» журналіста і краязнаўцы Меркіса звязаны хіба што з перадачай фотаінфармацыі рэсурсам, аднесеным да «эстрэмісцкіх», наконт знаходжання і перасоўвання ў рэгіёне расійскай вайсковай тэхнікі. Такіх абвінавачваняў і судоў у Гомелі было нямала.

    Мясцовая дзяржаўная газета ў дзень вынясення прысуду пісала, што «36-гадовы гамяльчук Яўген Меркіс працаваў на тэлеканал «Белсат»… Апроч таго, Меркіс накіроўваў у экстрэмісцкія тэлеграм-каналы фотаздымкі ваеннай тэхнікі і паведамляў пра яе перамяшчэнне. Ён прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у 2020 годзе».

    З выракам Гомельскага абласнога суда Яўген не пагадзіўся — падаваў апеляцыйную скаргу ў Вярхоўны суд. 29 жніўня суддзя Вярхоўнага суда Уладзімір Чаравач скаргу Меркіса адхіліў, вырашыў, што пакаранне журналісту вынесена справядлівае і няма падставаў яго пераглядаць.

    Сілавікі затрымалі Яўгена Меркіса 13 верасня 2022 года. У яго зрабілі ператрус па месцы жыхарства з выняткам носьбітаў інфармацыі. Вобшукі былі праведзеныя ў кватэры бацькі журналіста, а таксама ў сяброў.

    Журналісцкую дзейнасць Яўген Меркіс пакінуў яшчэ да арышту з тае прычыны, што шэраг незалежных СМІ, з якімі супрацоўнічаў, улады аднеслі да «экстрэмісцкіх фармаванняў».

    Па адукацыі Меркіс гісторык, скончыў гістфак БДУ. Засяродзіўся на краязнаўстве. Атрымаў сертыфікат экскурсавода, у тым ліку і для працы з замежнікамі на нямецкай мове. Добра валодае беларускай мовай. Засвоіў і англійскую.

    Папулярызаваць гісторыю, мову і культуру роднага краю ды этнаграфічныя вандроўкі Яўген пачаў яшчэ ў студэнцкія гады. Пазней заснаваў сайт «Краязнаўства Гомеля і Гомельшчыны», ачольваў гомельскае моладзевае грамадскае краязнаўчае аб‘яднанне «Талака», быў таксама рэгіянальным каардынатарам грамадска-культурнай кампаніі «Будзьма!».

    Калі ў Гомелі ды іншых гарадах Беларусі ў 2017 годзе праходзілі пратэсты так званых «дармаедаў», Меркіс вёў стрымы з масавых акцый і стаў адным з самых пазнавальных рэгіянальных журналістаў-вядоўцаў.

    Да затрымання Яўген характарызаваў сябе гэтак: «Праваслаўны, прыхільнік заходніх каштоўнасцяў і патрыярхальнасці ў сям’і, люблю панк, рок і рэтра 1950‑х – 1970‑х, творчасць «трушных паэтаў» — Анатоля Сыса і Васіля Стуса. Люблю Гомель. У людзях цаню сапраўднасць. Але ідэя — галоўнае і першаснае. Дэпрэсіўны аптыміст. Выклікаюць захапленне персоны кшталту кіраўніка «Тэсла Мотарс» Ілана Маска, якія сягаюць сваімі ідэямі і дзейнасцю ў далячынь, змяняюць свет».

    Чытайце яшчэ: 

    «Самы пачварны дзень у маім жыцці». Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч распавёў пра свой арышт

    Что такое туркменизация журналистики? Это возможное завтра для белорусских медиа

    «У Грузіі пакуль нікога з незалежных журналістаў не пасадзілі, але, баюся, ключавое слова «пакуль»», — рэдактарка Sova.news Марта Ардашэлія

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці