Супраць экс-палітвязня Аляксандра Кабанава распачалі новыя крымінальныя справы
На былога палітвязня Аляксандра Кабанава завялі новыя крымінальныя справы — прычым адразу некалькі. Цяпер блогер знаходзіцца па-за межамі Беларусі. піша "Новы час".
Пра новыя крымінальныя справы блогер і былы палітвязень паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook.
Нагадаем, днямі сілавікі прыйшлі з ператрусам у дом да бацькоў Аляксандра Кабанава.
«Ператрус у бацькоў быў звязаны з тым, што на мяне завялі тры, а можа чатыры, а можа і трыццаць чатыры крымінальныя справы. Ды хоць пяцьсот, дэбілы», — напісаў Аляксандр.
Кабанаў быў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі ў красавіку 2021 года, суд доўжыўся больш за два месяцы. Яго судзілі разам з Сяргеем Пятрухіным за «арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
Паводле версіі следства, Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін атрымлівалі грошы ад Сяргея Ціханоўскага і знаходзіліся ў змове з ім. У абвінавачанні сказана, што яны «стварылі і адміністравалі сістэму распаўсюджання інфармацыі, якая ўтрымлівала ілжывую ацэнку нелегітымнасці прадстаўнікоў улады».
Кабанаў і Пятрухін стварылі ютуб- і тэлеграм-каналы, у тым ліку каналы «Краіна для жыцця» і «Народны рэпарцёр». У іх блогеры публікавалі матэрыялы, якія нібыта змяшчалі заклікі груба парушаць грамадскі парадак.
17 снежня Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін выйшлі на волю, бо цалкам адбылі тэрмін.
Пасля вызвалення экс-палітвязень з’ехаў з Беларусі і распавёў СМІ пра ўмовы зняволення. У прыватнасці, блогер распавёў, як у калоніі яму давялося ўскрывацца — наклалі 68 швоў.
«Былі вельмі складаныя сітуацыі. Не тое, што край, за якім нічога не відаць. Ты проста разумееш, што вось проста цяпер безвыходнасць, і не ведаеш, што рабіць. Я ўскрываў сабе рукі, бо разумеў, што магу вярнуцца поўным інвалідам, калі гэта ўсё працягнецца трошку больш. Мяне спрабавалі замарозіць. Пасадзілі ў лістападзе ў камеру без ацяпленьня, паклалі на нарах пад самым вакном, якое адчынілі; адкрылі вентыляцыю. Нібыта спаць я магу, бо ёсць нары, але няма ні падушкі, ні коўдры, нічога. Камера ўся ў плітцы, ледзяная камера, пара ідзе з роту.
Каб там пратрымацца, трэба ўвесь час адціскацца, прысядаць; ніколі не сядзіш на месцы, увесь час у руху. Рухаешся содні, але на другія сілы цябе пакідаюць. Разумееш, што трэба паспаць. Але калі ты ляжаш, то адмарозіш сабе нейкія органы ці нешта яшчэ. А сядзець так трэба не адзін дзень, а дзесяць. Ніхто не б’е, не пагражае, цябе проста трымаюць у лядоўні гэтай. У такім выпадку выхад адзін — выехаць у лякарню. Даць зразумець адміністрацыі, што ты будзеш сябе крамсаць. Калі прыйшоў супрацоўнік, то ўся камера была ў крыві. Мяне павезлі ў лякарню ў Наваполацак, наклалі 68 швоў. Потым мяне перавялі ў «нармальную» камеру (ну як нармальную — у ШЫЗА ўсе камеры халодныя)».
Чытайце яшчэ:
Рекомендации по безопасности коллег в связи с признанием БАЖ «экстремистским формированием»
Журналісты і праваабаронцы — не экстрэмісты. БАЖ лічыць абсурдным наданне “экстрэмісцкага” статусу арганізацыі. ЗАЯВА
Як міжнародная супольнасць адрэагавала на прызнанне БАЖ «экстрэмісцкім фармаваннем»: АБСЕ, «Рэпарцёры без межаў», ЕФЖ і іншыя