• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Дзеля свабоды выказвання меркаванняў і перакананняў”. Кваліфікацыйны іспыт на “лаяльнасць” ад Мінінфармацыі

     У Беларусі 1 студзеня набыў сілу закон "Аб ліцэнзаванні", які сярод іншага рэгулюе сферу тэле- і радыёвяшчання. Каб абараніць галоўны эпіцэнтр дзяржаўнай прапаганды ад пранікнення іншадумства, кантрольнае ведамства зацвердзіла праграму кваліфікацыйнага іспыту для супрацоўнікаў.   

    Як патлумачылі ў Міністэрстве інфармацыі, кваліфікацыйны іспыт, нормы якога канчаткова зацверджаныя адмысловым загадам за подпісам міністра Уладзіміра Пярцова 18 студзеня, павінны здаваць спецыялісты, адказныя за вяшчанне тэле- або радыёпраграм, а таксама за адпаведнасць зместу патрабаванням заканадаўства.

    Экзамен будзе прымаць кваліфікацыйная камісія пасля звароту ў інфармацыйнае ведамства з просьбай атрымання ліцэнзіі на дзейнасць у галіне вяшчання, а таксама ў выпадку неабходнасці замены штатнага спецыяліста на новага. 

    Ухваленая праграма іспыта, як падкрэсліваюць распрацоўнікі, кіруецца неабходнасцю прававога рэгулявання адносін у сферы масавай інфармацыі, а таксама асноўнымі прынцыпамі дзейнасці СМІ — “гарантаваннем свабоды меркаванняў, перакананняў і іх выказвання”. 

    Што адразу можна паставіць пад сумнеў, бо дэклараваная “свабода слова” ў Беларусі даўно не адпавядае рэальнасці. Па сутнасці, у краіне дазволеныя толькі праўладныя медыя, альтэрнатыўная прастора цалкам знішчаная. Незалежныя СМІ могуць працаваць толькі за межамі Беларусі — на радзіме абсалютная большасць аб’яўлена сілавікамі або “экстрэмісцкімі фармаваннямі”, або “экстрэмісцкім” прызнаны іх кантэнт. Не кажучы, што дзясяткі журналістаў ужо асуджаныя ці ў чаканні вердыктаў, а сотні вымушана з’ехалі ад пераследу.    

    Нягледзячы на фактычную прыватызацыю інфармацыйнай прасторы, Міністэрства інфармацыі прапануе кваліфікацыйнай камісіі падчас іспытаў паразважаць пра “манапалізацыю і абмежаванне свабоды сродкаў масавай інфармацыі”. Сыходзячы з практыкі апошняга часу, у дадзеным кантэксце маецца на ўвазе зусім не татальная расправа над незалежнымі рэсурсамі ўнутры краіны, а “ціск на журналістаў у краінах калектыўнага Захаду”, пра што ўсё гучней “інфармуе” беларусаў афіцыйная прапаганда.

    Пры гэтым любы “замах” на ўяўную “стабільнасць” можа каштаваць вяшчальніку легальнага статусу. Як вынікае з дакумента, грубымі парушэннямі заканадаўства аб ліцэнзаванні з’яўляюцца: 

    — ажыццяўленне ліцэнзаванага віду дзейнасці, які стварае ўнутраныя і знешнія крыніцы пагрозаў нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь у інфармацыйнай сферы;

    — вяшчанне тэле- або радыёпраграмы, якая змяшчае звесткі, распаўсюд якіх абмежаваны ці забаронены заканадаўчымі актамі.

    Нездарма гэтыя пункты ўключаныя ў праграму іспыту для прэтэндэнтаў  на стратэгічныя пасады асобным блокам: інфармацыя, распаўсюд якой у СМІ абмежаваны; інфармацыя, распаўсюд якой  забаронены; распаўсюд афіцыйных інфармацыйных паведамленняў і матэрыялаў.  

    Выглядае, што неабходнасць увядзення кваліфікацыйных іспытаў для дзейных і патэнцыйных супрацоўнікаў тэлерадыёгаліны прадыктаваныя толькі адным: па поўнай “адфільтраваць” кандыдатаў, каб потым не сумнявацца ў іх ідэалагічнай лаяльнасці. Сфера, ад якой залежыць ступень уплыву на розумы не заўсёды пераборлівых грамадзян, мусіць стаць стэрыльнай. 

    Уладам дакладна не патрэбна паўтарэнне 2020 года, калі дзясяткі супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі публічна сышлі са сваіх рэдакцый, каб не мець дачынення да апраўдання гвалту і беззаконня ў краіне. Хоць многія потым за гэта паплаціліся не толькі працоўным месцам, а і ўласнай свабодай.         

    Чытайце яшчэ:

    Асуджаны па “спецвытворчасці” журналіст Дзмітрый Навоша: “Рэпрэсіі — гэта адзінае, што ў лукашыстаў атрымліваецца”

    «За 15 год не атрымаў ніводнага ўказаньня ад польскага МЗС». Вялікая размова з намесьнікам дырэктара «Белсату» Аляксеем Дзікавіцкім

    У Брэсце затрымалі блогера Дзмітрыя Гарбунова

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці