• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    За “абразу прэзідэнта” і “распальванне варожасці” судзяць карэспандэнта “Комсомольской правды” Генадзя Мажэйку

    У Мінскім гарадскім судзе сёння пачынаецца працэс над карэспандэнтам газеты “Комсомольская правда” в Беларуси” Генадзем Мажэйкам. Палітвязня абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 368 (“Абраза прэзідэнта”) і ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці).

    На разгляд справы прызначана суддзя Таццяна Фалькоўская, якая ўжо мае досвед кантактавання з абвінавачанымі журналістамі – у канцы верасня менавіта яна асудзіла на 8 гадоў турмы былую супрацоўніцу Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ксенію Луцкіну.

    Сёння акурат 14 месяцаў, як Генадзь Мажэйка за кратамі.

    Яго затрымалі 1 кастрычніка 2021 года ў аэрапорце Масквы і прымусова вярнулі ў Беларусь, дзе выставілі абвінавачанні ў “распальванні варожасці” ды “абразе прадстаўніка ўлады” (пазней замянілі на “абразу прэзідэнта”).

    Падставай стала рэзанансная гісторыя, якая за два дні да таго здарылася ў Мінску. 28 верасня ў кватэру да праграміста кампаніі EPAM Sys­tems Андрэя Зельцэра спрабавалі ўварвацца ўзброеныя байцы КДБ. Гаспадар адмовіўся адчыняць дзверы, іх у выніку выбілі. Следам адбылася страляніна, падчас якой Андрэй Зельцэр забіў кадэбіста Дзмітрыя Федасюка, а ў адказ застрэлілі і яго самога.

    Па гарачых слядах трагедыі карэспандэнт “Комсомольской правды” в Беларуси” Генадзь Мажэйка пагутарыў з аднакласніцай Андрэя Зельцэра, якая літаральна некалькімі словамі цёпла згадала пра сябра дзяцінства. Аднак гэтага аказалася дастаткова для “прысуду”: у той жа вечар на распараджэнне Міністэрства інфармацыі сайт kp.by быў заблакаваны, а дзейнасць беларускай рэдакцыі фактычна паралізаваная — нібыта за спробу “гераізацыі тэрарыста”.

    «У інтэрнэт-рэсурсе kp.by размешчана публікацыя са звесткамі, што спрыяюць фармаванню крыніц пагроз нацыянальнай бяспекі. Яны палягаюць у штучным нагнятанні напружанасці і супрацьстаяння паміж грамадствам і дзяржавай. Згодна з артыкулам 38 «Закона аб СМІ», у сродках масавай інфармацыі забаронены распаўсюд інфармацыі, здольнай нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», — адзначалася тады ў паведамленні ведамства.

    Прадчуваючы непажаданыя наступствы, Генадзь Мажэйка спрабаваў праз Расію выляцець у трэцюю краіну, але, як аказалася, супрацоўнікі ФСБ яго ўжо чакалі. Журналіста затрымалі проста ў аэрапорце і перадалі беларускім сілавікам. 

    Спачатку яго змясцілі ў мінскі ізалятар часовага ўтрымання, пасля перавезлі ў жодзінскую Следчую турму № 8, а напрыканцы мінулага года зноў перавялі ў Мінск – ад таго часу ён у СІЗА № 1. Праваабаронцы прызналі Генадзя Мажэйку палітычным зняволеным.

    Выстаўленыя абвінавачанні 40-гадовы фігурант назваў абсурднымі, сваёй віны ні па адным з артыкулаў не прызнаў. Таксама стала вядома, што ў снежні 2021-га пазбавілі ліцэнзіі адвакатку Лізавету Мацвееву, якая абараняла Генадзя Мажэйку.

    Да зняволення журналіст жыў у Мінску разам з бацькамі, адразу пасля затрымання ў іх кватэры адбыўся ператрус. Сёлета сілавікі прыходзілі з “аглядам” паўторна, а бацьку і маці выклікалі на допыт – тыя адмовіліся даваць паказанні, але былі вымушаныя падпісаць паперу “аб неразгалошванні таямніцы следства”.

    Генадзь Мажэйка адпрацаваў у беларускай рэдакцыі “Комсомольской правды” больш за дзесяць гадоў. Спецыялізаваўся на агульным тэмах – агляд новых гаджэтаў, навіны аўтамабільнага рынку, музычныя канцэрты і фестывалі.   

    Акрамя журналістыкі, захапляўся фатаграфаваннем, атрымліваў узнагароды на спецыялізаваных конкурсах.

    За кратамі Генадзь Мажэйка адзначыў 40-гадовы юбілей. 

    Чытайце яшчэ:

    Святлана Ціханоўская: “Без незалежных СМІ мы не зможам пабудаваць моцную дэмакратыю”

    В Вильнюсе открылся Форум свободной журналистики

    Беларускія ціктокеры – пагроза для рэжыму?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці