Урад зменшыў выдаткі на абслугоўванне знешняга доўгу, затое падтрымае дзяржаўныя тэлеканалы
Савет міністраў Беларусі адмысловай пастановай № 571 ад 3 лістапада абгрунтаваў вылучэнне дадатковай субсідыі з дзяржаўнага бюджэту для тэлеканалаў АНТ і СТБ.
З пункта 1 афіцыйнага дакумента вынікае, што агулам на карысць ЗАТ «Другі нацыянальны канал» (АНТ) і ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» (СТБ) выдаткоўваецца 1 мільён 112 тысяч рублёў (прыкладна 500 тысяч долараў у эквіваленце).
Пункт 2 пастановы дае адказ, адкуль мяркуецца прыцягнуць дадатковыя рэзервы. Аказваецца, «за кошт змяншэння выдаткаў рэспубліканскага бюджэту на абслугоўванне знешняй пазыкі» — прынамсі сума абсалютна роўная ўліванням у тэлепрапаганду.
Варта нагадаць, што на тэлеканалах СТБ і АНТ вяшчаюць адны з самых адыёзных апалагетаў рэжыму – Рыгор Азаронак, Ігар Тур ды іншыя праўладныя «палітычныя аглядальнікі», якія публічна ганьбяць і абражаюць апанентаў за іншадумства, заклікаюць да гвалту.
У той жа час пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года і беспрэцэдэнтнага гвалту сілавікоў з дзяржаўных тэлеканалаў звольніліся дзясяткі супрацоўнікаў, а некаторыя, як Ксенія Луцкіна і Дзмітрый Семчанка, сталі фігурантамі крымінальных спраў.
Паказальна, што пазапланавыя ўкладанні тлумачацца ў прывязцы да ўказа Аляксандра Лукашэнкі № 93 «Аб дадатковых мерах па забеспячэнні стабільнага функцыянавання эканомікі». Як менавіта фінансавае ўзмацненне дзяржмедыяў паспрыяе «эканамічнай стабільнасці», не ўдакладняецца.
Згодна са справаздачай Міністэрства фінансаў, якая, дарэчы, не абнаўляецца ад красавіка, дзяржаўны доўг Беларусі перавышае 65 мільярдаў рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам года амаль на 8 мільярдаў рублёў (на 13%). У сваю чаргу знешняя дзяржаўная пазыка набліжаецца да 18 мільярдаў долараў.
Пры гэтым яшчэ невядомы памер бюджэту на новы эфірны сезон тэлеканалаў у структуры Белтэлерадыёкампаніі, перадусім для «Беларусь 1». Для параўнання, на 2022 год фінансавыя ўліванні дасягнулі 115 мільёнаў рублёў (каля 50 мільёнаў долараў у эквіваленце). Пры гэтым сродкі тэлевізійнікам паступаюць не толькі з артыкула «расходаў СМІ», а ў «надзвычайных выпадках» закладаюцца нават як «нацыянальная абарона».
Крыху раней урадавай пастановай №730 зацверджаны друкаваныя сродкі масавай інфармацыі, рэдакцыі якіх возьмуць на мэтавыя датацыі. У спіс увайшло 21 выданне, скрозь газеты і часопісы дзяржаўнай формы ўласнасці – ад «СБ. Беларусь сегодня» да «Спортивной панорамы».
За мінулы год фінансаванне СМІ абышлося дзяржаўнаму бюджэту ў 147 мільёнаў рублёў, яшчэ каля 16 мільёнаў склалі выдаткі з мясцовай казны – перадусім на падтрымку раённых рэдакцый.
Сёлета ўлады знайшлі і альтэрнатыўныя крыніцы фінансавання сваёй прапаганды. У сакавіку Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб развіцці сродкаў масавай інфармацыі», згодна з якім уводзіцца абавязковы збор з рэкламадаўцаў на падтрымку пэўных нацыянальных медыяў: 10% — за размяшчэнне вонкавай рэкламы і рэкламы ў транспарце; 20% — у «іншых выпадках» (што можна зразумець, як любыя зручныя спосабы). Акрамя таго, стаўка падатку на даданую вартасць (ПДВ) за паслугі перадачы дадзеных павялічылася з 25% да 26%.
Дадатковыя грошы пойдуць на ўзмацненне «інфармацыйнага складніка», што і вынікае з «Мераў па рэалізацыі ўказа ад 31 сакавіка 2022 года №131». Выглядае на тое, што Лукашэнка даў адмашку на акумуляванне сродкаў для піяру самога сябе.
Вызначаць атрымальнікаў і размяркоўваць сродкі даручылі спецыяльнай камісіі пры Міністэрстве інфармацыі. Кіраўнікам СМІ, якія маюць «дэфіцыт фінансавання» трэба напісаць хадайніцтва, падаць звесткі пра рэдакцыю і патлумачыць неабходнасць матэрыяльнай дапамогі.
Чытаць яшчэ:
Палітзняволенага журналіста-экскурсавода Ігара Хмару пачнуць судзіць 10 лістапада
Аўтара «Новага часу» і журналіста-расследавальніка Дзяніса Івашына змясцілі ў карцэр
У Гомельскай вобласці за здыманне тэхнікі расійскіх акупантаў з пачатку года асудзілі 12 чалавек