Улады прызналі «экстрэмісцкімі» дзве кнігі выдавецтва «Янушкевіч»
У «экстрэмісцкія» выданні запісалі кнігу Іосіфа Бродскага «Балада пра маленькi буксiр» і фаліянт Уладзіміра Арлова «Айчына: Маляўнiчая гiсторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкi», зазначае «Вясна» Адпаведнае рашэнне прынятае 18 кастрычніка судом Цэнтральнага раёну Мінска.
У Рэспубліканскім Спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў з’явіліся кніга Уладзіміра Арлова «Айчына: Маляўнiчая гiсторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкi».Ілюстрацыі да яе рабіў Павел Татарнікаў. Як нагадвае «Наша Ніва», першы наклад кнігі ў 2017 годзе раскупілі за месяц.
«Экстрэмісцкай» стала і «Балада пра маленькi буксiр», выдадзеная ў выдавецтве «Янушкевiч» у гэтым годзе.
Па словах Андрэя Янушкевіча, дзіцячую кнігу нобелеўскага лаўрэата маглі прызнаць «экстрэмісцкай» з‑за афарбоўкі буксіра:
«Калі 16 траўня прыйшлі губазікаўцы прыйшлі ў «Кнігаўку» і пачалі канфіскоўваць кнігі, я запытаўся ў галоўнага начальніка, што не спадабалася ў кнізе нобелеўскага лаўрэата. Дзіцячы верш, апублікаваны ў 1962 годзе, тэкст не мае ніякага дачынення да Беларусі… У адказ я пачуў, што падазронай з’яўляецца афарбоўка буксіра на ілюстрацыях (?!).
За ўвесь час ні мне, ні камусьці, хто меў дачыненне да выхаду, нават думка не прыходзіла асацыяваць выявы буксіра цёмна-аранжавага колеру з нашымі нацыянальнымі сімваламі. Такіх думак, нават жартам, не выказваў ніхто з нашых пакупнікоў. Не бачыў я іх і ў сацсетках. Першым, хто ўбачыў у малюнках пагрозу для беларускага рэжыму, быў вышэйзгаданы губазікавец.
Здавалася, на гэтай недарэчнасці гісторыя павінна закончыцца. Але ж прасцей зганьбіцца на ўвесь свет».
Чытайце яшчэ:
8 гадоў зняволення: вынеслі прысуд журналісту-расследавальніку Сяргею Сацуку
«Чарговае прабіццё дна». Акаўнт пра нацыянальныя татуіроўкі прызналі экстрэмісцкім
Прысуд Сяргею Сацуку — помста аднаму з лепшых беларускіх журналістаў-расследавальнікаў за прафесійную працу. Заява БАЖ