• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Новая справа супраць Лебядка. На вайсковага аглядальніка хочуць “павесіць” усе інтэрв’ю “экстрэмісцкім” СМІ?

    Супраць вайскова-палітычнага аглядальніка, аўтара Telegram-канала пра ваенную бяспеку Беларусі Ягора Лябедка заведзена яшчэ адна крымінальная справа за “экстрэмізм”. І выглядае, што з абраным падыходам – не апошняя. 

    Паводле аднаго з праўладных тэлеграм-каналаў, блізкіх да сілавікоў, вайсковага эксперта абвінавачваюць на падставе артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса – «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Частка 2 артыкула прадугледжвае дзеянні, учыненыя паўторна.

    Выглядае на тое, што на аналітыка спрабуюць “павесіць” не адно, як дагэтуль, а некалькі інтэрв’ю інфармацыйным рэсурсам, прызнаным беларускімі ўладамі “экстрэмісцкімі фармаваннямі”.

    Адпачатку фармальнай падставай для крымінальнага пераследу стаў удзел у праграмах “Еўрарадыё”. Але пры гэтым праваахоўнікі праігнаравалі прынцыповы момант: Ягора Лебядка затрымалі на тыдзень раней, чым радыёстанцыя атрымала “экстрэмісцкі” статус. Акурат той выпадак, калі “не да законаў”.

    Цяпер следчыя вывучаюць, дзе яшчэ ён выступаў з каментарамі на ваенную тэматыку, і гатовыя караць за кожную асобную рэпліку. Прынамсі ананімныя аўтары праўладнага тэлеграм-канала падкрэсліваюць, што кожнае з’яўленне на пляцоўцы “экстрэмістаў” утварае асобны склад злачынства.

    40-гадовага Ягора Лебядка затрымалі 13 ліпеня ў родных Смалявічах. Спачатку арыштавалі на 15 сутак нібыта за непадпарадкаванне міліцыі (паводле арт. 24.3 КаАП), але пасля адбыцця тэрміна на волю ён так і не выйшаў – пачалі крымінальную справу на падставе згаданага артыкула 361–4. Ад таго часу вайскова-палітычнага аглядальнік знаходзіцца ў СІЗА №1 Мінска, яму пагражае да 7 гадоў зняволення. За паўторнасць, адпаведна, тэрмін павялічваецца. 

    Праваабарончая супольнасць прызнала Ягора Лебядка палітычным вязнем.

    Зрэшты, гэта не адзінае, чым рэжым адказаў на дзейнасць вайсковага аглядальніка. Роўна месяц таму Аляксандр Лукашэнка сваім указам пазбавіў вайсковых, міліцэйскіх і пракурорскіх званняў больш як 80 былых супрацоўнікаў сілавых ведамстваў (у дадатак да аналагічнага мінулагодняга спісу). Сярод “разжалаваных” аказаўся і Ягор Лебядок. 

    21 верасня Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал апублікаваў прозвішчы вышэйшых і малодшых афіцэраў, а таксама прапаршчыкаў і сяржантаў, пазбаўленых ранейшых званняў. Удакладняецца, што гэта адказ на «ўчыненые злачынствы, правапарушэнні і дыскрэдытуючыя правіны, несумяшчальныя са статусам ваеннаслужачага, работніка органаў пракуратуры». На самой справе пакараныя за тое, што асудзілі гвалт сілавікоў у 2020 годзе і сталі на бок народа.

    У спісе “адзначаных” і старшы лейтэнант запасу Ягор Лебядок — адзін з найбольш дасведчаных адмыслоўцаў сваёй справы, сталы каментатар шэрагу незалежных СМІ. Асабліва яго меркаванне стала запатрабаваным з пачаткам маштабнай ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Нягледзячы на “крамольныя” ацэнкі, ён заставаўся ў Беларусі і прынцыпова адмаўляўся з’язджаць з краіны. 

    Адметна, што Ягор Лебядок – колішні лаўрэат прэзідэнцкай стыпендыі таленавітым маладым навукоўцам-кандыдатам навук ва ўзросце да 35 гадоў. Ён скончыў фізічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Пачынаў інжынерам-тэхнолагам прадпрыемства “Інтэграл”, затым праходзіў службу афіцэрам у 120‑й Рагачоўскай механізаванай брыгадзе на пасадзе камандзіра ўзвода.

    Ад 2008 года – малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі НАН Беларусі, намеснік загадчыка лабараторыі оптаэлектронікі і галаграфіі.

    Абараніў дысертацыю “Аптымізацыя параметраў лазерных дыёдных лінеек” на атрыманне вучонай ступені кандыдата фізіка-матэматычных навук. Паралельна атрымаў другую вышэйшую адукацыю ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. Аўтар дзясяткаў артыкулаў па фізіцы паўправаднікоў, лазернай фізіцы і оптаэлектроніцы.

    У 2019 годзе стварыў Тэлеграм-канал @Lebiadok — незалежны канал пра вайсковую бяспеку Беларусі. Рэгулярна выступаў у незалежных беларускіх і замежных выданнях.  

    Падчас драматычных падзей 2020 года падпісаў зварот прадстаўнікоў навуковай грамадскасці ў сувязі з фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў і наступнымі мірнымі пратэстамі.

    Пасля выхаду пасквіля ў газеце “Советская Белоруссия” звольнены з навукова-вытворчага аб’яднання “Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка”.

     

    Дата суда над Ягорам Лебядком не агучваецца. Зрэшты, з улікам апошніх навін ягоная “асабістая справа” яшчэ працягвае напаўняцца новымі “фактамі”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці