Журналістку Марыну Аўсяннікаву арыштавалі за «дыскрэдытацыю расійскай арміі»
Былую журналістку «Першага канала» Марыну Аўсяннікаву, якая калісьці выйшла ў эфір з плакатам «No War», сёння арыштавалі — гэтым разам, паводле крымінальнага артыкула.
Пра арышт Марыны Аўсяннікавай у сераду, 10 жніўня, за «дыскрэдытацыю» расійскага войска, паведаміў яе адвакат.
«Цяпер мы працуем са следчымі. Распачатае расследаванне», — паведаміў адвакат Аўсяннікавай Дзмітрый Захватаў, піша euronews.com.
Раней адвакат распавёў, што сёння да журналісткі прыйшлі з ператрусам. Па словах адваката, зараз следчыя вырашаюць, ці будзе Аўсяннікава, у якой ёсць двое непаўналетніх дзяцей, змешчаная пад варту або застанецца на волі да пачатку суда.
Нагадаем, у сярэдзіне сакавіка Аўсяннікава ўварвалася ў прамы эфір расійскага «Першага канала» з антываенным плакатам. За гэты ўчынак Марыну тады аштрафавалі на 30 тысяч расійскіх рублёў. Тады перад акцыяй Аўсяннікава запісала відэазварот, у якім назвала тое, што адбываецца ва Украіне, «злачынствам», а Расію — «краінай-агрэсарам».«І адказнасць за гэтае злачынства ляжыць толькі на сумленні аднаго чалавека. І гэты чалавек — Уладзімір Пуцін», — сказала яна. Прычым першы раз судзілі Аўсяннікаву менавіта за відэазварот. Рэдактарка не прызнала віну: «Я па-ранейшаму лічу, што Расія здзейсніла злачынства, напаўшы на Украіну».
Неўзабаве пасля гэтага журналістка з’ехала з РФ. Яна прапрацавала некалькі месяцаў за мяжой у нямецкай газеце Die Welt, але вярнулася ў Расію ў пачатку ліпеня, каб вырашыць спрэчку наконт апекі над дзецьмі: у расійскім судзе мусіла разглядацца справа пра пазбаўленне яе бацькоўскіх правоў.
Пасля вяртання ў РФ яе ўжо двойчы штрафавалі за «дыскрэдытацыю расійскай арміі», у тым ліку на падставе публікацый з крытыкай уварвання ва Украіну, апублікаваных у сацыяльных сетках.