• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Яму давялося пасядзець з кілерам». Жонка журналіста Андрэя Кузнечыка расказала пра спатканне з ім

    8 чэрвеня палітзьняволенаму журналісту Свабоды Андрэю Кузьнечыку прысудзілі 6 год калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаньні ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК). Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін.

    Пасьля прысуду жонка палітзьняволенага журналіста Алеся сустрэлася зь ім у магілёўскай турме.

    Як распавяла Алеся Свабодзе, Андрэй Кузьнечык так ацаніў крымінальную справу і судовы працэс над ім: тыя, хто «дасьледаваў» ягоную справу і хто судзіў, «можа і ня самыя дрэнныя людзі, якія маглі яму трапіцца ў цяперашніх абставінах, — адчувалася, што „працу“ сваю яны робяць безь вялікай ахвоты, — але гэта ня значыць, што ён павінен іх любіць. Бо выбар свой яны зрабілі».

    Пра прысуд сказаў, што не прызнае сваёй віны, бо «не разумее, што яму прызнаваць».

    «Кіраўніцтва „экстрэмісцкім фармаваньнем“ ён ня можа прызнаць, бо сьпіс „кіраўнікоў“ не сакрэт, ён разьмешчаны нават на сайце Свабоды. А пра арганізацыю — ўвогуле сьмешна», — кажа Алеся.

    Андрэй будзе абскарджваць вырак, на наступным тыдні да яго паедзе адвакат.

    Паводле жонкі журналіста, вялікі тэрмін пакараньня ня стаў для яго нечаканасьцю:

    «Андрэй даўно маральна рыхтаваў нас да прыкладна такога выраку, пры гэтым казаў, што наўрад ці давядзецца яго адбываць цалкам», — адзначае Алеся.

    Вядома, ён «асаблівай радасьці ад прысуду не адчуў», але больш Андрэй Кузьнечык нэрваваўся з той нагоды, што на абвяшчэньне прысуду прыйшла ягоная маці, кажа Алеся.

    Сама яна пра вырак мужу гаворыць так:

    «Я адчуваю, што пэрыяд выпрабаваньняў працягваецца, але сумняваюся, што ён будзе такім доўгім.

    Я як жонка свайго мужа, зь якім у мяне ёсьць нейкая нават мэтафізычная сувязь, і за гэты час нават назьбіралася гэтаму дастаткова пісьмовых доказаў, адчуваю сваю задачу трымаць эмацыйную раўнавагу, напаўняць наша агульнае псыхаэмацыйнае поле станоўчымі эмоцыямі».

    Да таго ж, у іх з Андрэем двое дзетак — васьмігадовая Яніна і двухгадовы Мацьвей — якія, паводле Алесі, цяпер «не даюць ні часу, ні магчымасьці занурацца ў нейкія сумныя думкі».

    Цяпер Андрэй рыхтуецца да калёніі. Паводле жонкі, пачуваецца для сваёй сытуацыі ён цяпер нядрэнна, ёсьць з кім пагаварыць, у турме добрая бібліятэка, ёсьць радыё, чакаецца тэлевізар. Паводле яго расповядаў, у Магілёве камэры і двары большыя, «сонца ёсьць і птушак чуваць».

    Андрэй казаў, што ён надзіва хутка асвойваецца ў досыць любых умовах, нават сам не чакаў. Суседзі ў яго розныя, давялося нават пасядзець з кілерам, кажа, што трапляюцца і «вельмі незвычайныя кадры, але калі сам ты нармальны і спакойны, то праблем асаблівых не ўзьнікае, бо і добрых людзей там дастаткова, асабліва зараз».

    Лісты яму сталі даходзіць лепш, зазначае Алеся. Што да ўмоваў у калёніі, паводле Андрэя Кузьнечыка, «экстрэмісты там ходзяць зь месца на месца ў кайданках, у адрозьненьне ад забойцаў», але ў цэлым ніякага ціску ці асаблівага стаўленьня да яго няма.

    «Казаў, шмат ходзіць рознай інфармацыі сярод зьняволеных, у тым ліку непраўдзівай. Радуецца, што ўмее яе фільтраваць і ня браць да галавы ўсялякае глупства», — распавядае яна.

    Андрэй хацеў бы даведацца, што пра яго пішуць, цікавіўся падзеямі ва Ўкраіне, але сказаў, што з тэлевізара зразумее агульную карціну.

    Агулам сустрэча з мужам атрымалася нейкая душэўная, «хатняя», у адрозьненьне ад папярэдняй, кажа Алеся; у іх было каля 2 гадзінаў. Андрэй вельмі перажываў, што цяпер родным далёка да яго дабірацца.

    «Выглядае Андрэй нармальна, і ўвогуле як і не было гэтага паўгадовага расстаньня па адчуваньнях. Вельмі непасрэдна пагаварылі, як раней», — кажа яна.

    • Андрэя Кузьнечыка затрымалі, калі ён выйшаў увечары з кватэры пакатацца на ровары. Вярнуўся дадому ён у суправаджэньні чатырох сілавікоў. У кватэры зладзілі ператрус, забралі аргтэхніку, запатрабавалі пароль ад тэлеграм-каналу Радыё Свабода.

    • Дзеці Андрэя і Алесі — васьмігадовая Яніна і двухгадовы Мацьвей — былі сьведкамі затрыманьня таты.

    • Спачатку Андрэя абвінавацілі ў дробным хуліганстве, зьмясьцілі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў і прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту. На свабоду ён так і ня выйшаў: абвінавацілі ў непадпарадкаваньні і дадалі яшчэ два разы па 10 сутак.

    • 23 сьнежня 2021 году стала вядома, што на Кузьнечыка завялі крымінальную справу і перавялі яго ў СІЗА № 1 на Валадарскага.

    • 12 траўня зьявілася інфармaцыя, што Кузьнечыка перавялі зь СІЗА‑1 у магілёўскую турму.

    • 8 чэрвеня палітзьняволенаму журналісту Свабоды Андрэю Кузьнечыку прысудзілі 6 год пазбаўленьня волі з адбываньнем у калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаньні ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361–1 КК). Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін, акалічнасьці справы невядомыя.

    • Варта адзначыць, што кантэнт Радыё Свабода быў прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім», а само Радыё Свабода «экстрэмісцкім фармаваньнем» ужо пасьля затрыманьня Андрэя. То бок журналіста асудзілі за кіраваньне тым, чаго на момант яго арышту не існавала.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці