27 журналістаў за кратамі і вельмі важная падтрымка для медыя: Бастунец выступіў у штаб-кватэры ЮНЭСКА ў Парыжы
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец узяў удзел у адмысловай прэс-канферэнцыі ЮНЭСКА ў Парыжы, прысвечанай уганараванню БАЖ Сусветнай прэміяй за абарону свабоды слова і сітуацыі з пераследам супрацоўнікаў медыя ў Беларусі.
Удзел у прэс-канферэнцыі ўзялі прадстаўнікі тых 46 краінаў свету, якія ў лютым вылучылі БАЖ на сусветную прэмію, а таксама дэлегаты міжнародных журналісцкіх арганізацый.
Падчас свайго выступу і адказаў на пытанні Андрэй Бастунец падрабязна распавёў пра сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі, пераслед медыя і 27 журналістаў, якія на дадзены момант знаходзяцца за кратамі.
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў зрабіў акцэнт на смеласці і мужнасці журналістаў, якія працягваюць даносіць праўдзівую і свабодную інфармацыю, працуючы ў надзвычай складаных умовах: ні ў адной краіне Еўропы за кратамі не знаходзяцца столькі журналістаў.
Андрэй Бастунец падрабязна расказаў пра тую падтрымку, якая патрэбна сёння беларускаму незалежнаму медыясектару: ад пошуку фінансаў для існавання выданняў да пытанняў легалізацыі рэдакцый і канкрэтных журналістаў.
Ва ўмовах няспынных рэпрэсій, блакавання сайтаў, уціску і прапаганды, вельмі важна захаваць незалежны медыясектар, каб беларуская аўдыторыя, грамадзяне Беларусі мелі магчымасць атрымліваць праўдзівую інфармацыю. Таму БАЖ разглядае сёлетнюю ўзнагароду ЮНЭСКА як высокую адзнаку працы ўсяго медыясектара, рэдакцый і журналістаў у Беларусі і ў вымушанай рэлакацыі.
І, канешне, Беларуская асацыяцыя журналістаў працягне сваю працу для падтрымкі калег. Таксама Андрэй Бастунец нагадаў, што літаральна на наступным тыдні ў Беларусі распачынаюцца адразу пяць крымінальных працэсаў над прадстаўнікамі медыя.
Будзе дапоўнена
Журналісты — не злачынцы! У Беларусі пачынаюцца пяць судовых працэсаў над прадстаўнікамі медыя ЗАЯВА
Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА