• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Алега Груздзіловіча перавялі ў калонію. Новы адрас і новыя лісты з‑за кратаў

    Алег Грузьдзіловіч за кратамі робіць прабежкі, піша вершы і праводзіць антытытунёвую прапаганду сярод сукамэрнікаў.

    Вырак палітвязьню Алегу Грузьдзіловічу (1,5 года зьняволеньня) набыў моц пасьля рашэньня Менскага гарадзкога суду. Алег працягвае яго абскарджваць, ён ужо напісаў скаргу на імя старшыні гарадзкога суду Менску. Тым часам у канцы мінулага тыдня яго этапавалі з магілёўскага СІЗА ў магілёўскую калёнію № 15.

    На мінулым тыдні жонцы Алега Мар’яне ўдалося сустрэцца зь ім, адміністрацыя дала ім спатканьне, пятае за ўвесь час зьняволеньня. Мар’яна расказала Свабодзе пра размову з мужам праз турэмныя шыбы:

    «На спатканьнi Алег сказаў, што, калi шчыра, то ён ужо хацеў бы хутчэй пераехаць на „новае месца жыхарства“ ў калёнiю, бо ў СIЗА яму ўжо цяжка — мала руху i сьвежага паветра (сукамэрнiкi кураць). Сказаў, што ў цэлым адчувае сябе нядрэнна, стараецца глядзець за здароўем. Кожную ранiцу абціраецца халоднай вадой (iншай няма ўвесь гэты час), робiць фiзычныя практыкаваньнi (адціскаецца, прысядае i г.д.), ходзiць i бегае па пэрымэтрах у дворыках падчас прагулак. Пастаянна праводзiць работу сярод хлопцаў-сукамэрнiкаў, каб кiдалi курыць. У вынiку некаторыя хлопцы сталi курыць радзей удзень, а адзiн 18-гадовы хлопец нават кiнуў.

    Алег апавядае хлопцам шмат розных цiкавых рэчаў, асаблiва гiстарычных. I гэты хлопец часта падыходзiў да яго і казаў: „Дзядзька Алег, а раскажыце яшчэ штосьцi цiкавае“ альбо сам задаваў яму гiстарычныя пытаньнi. Алег кажа, што заўсёды i з усiмi ён размаўляе толькi па-беларуску, i ўсе ўжо прывыклi — i сукамэрнiкi, i супрацоўнiкi СIЗА.

    Спадзяюся, што гэтак будзе i ў калёнii. Зараз ён мусiць знаходзiцца там на карантыне 2–3 тыдні. Колькi дакладна ён будзе, даведаемся пазьней, калi прыйдуць першыя зьвесткi з „новага месца жыхарства“».

    Таксам да жонкі працягваюць прыходзіць лісты і рысункі журналіста, якія ён пасылаў яшчэ зь СІЗА.

    Адрас для ліставаньня: 213105, г.Магілёў, папраўчая калёнія № 15, п/а Вейна, Слаўгарадзкая шаша, 183. Грузьдзіловічу Алегу.

    У апошніх лістах з‑за кратаў Алег Грузьдзіловіч піша аб тым, што пачаў хадзіць у тэпцях, якія замянілі зімовыя чаравікі, што былі да таго і ад самага моманту арышту. Цяпер журналісту-палітвязьню прасьцей рабіць прабежкі ў дворыку і наогул хадзіць. Таксама ён паведаміў, што пастрыгся, бо быў «пачаў пераўтварацца ў Карла Маркса». 

    За кратамі Грузьдзіловіч напісаў новы верш пад назвай «За турэмным вакном».

    За турэмным вакном вые в’юга,
    Вартавыя ад холаду курчацца,
    Сто гадоў таму не было Google,
    І няясна было, чым ўсё скончыцца.

    Дзед сядзеў ля каналу ў 20‑х,
    Як вярнуўся, зямлю адабралі,
    А ў канцы крыважэрных 30‑х
    За размову ў чарзе расстралялі.

    Мы ахвяры чарговага круга,
    На такім жа жалезе мы курчымся,
    Зразумела бяз ўсякага Google,
    Што на нас гэта мусіць закончыцца. 

    Акрамя таго, у кожным сваім лісьце Алег Грузьдзіловіч імкнецца рабіць ілюстрацыі. Ён ілюструе як свае вершы, так і некаторыя моманты жыцьця, на волі і за кратамі.

    Партрэт жонкі, намаляваны за кратамі

    Перасьлед Алега Грузьдзіловіча

    16 ліпеня 2021 году сілавікі прыйшлі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, пазалетась пазбаўленага акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.

    Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і зьмянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

    Справу завялі за асьвятленьне Алегам Грузьдзіловічам аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як няштатны карэспандэнт «Народнай волі», меў рэдакцыйнае заданьне. У 2020‑м Алег Грузьдзіловіч адбыў 15 дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за ўдзел у адным з маршаў, на якім працаваў як журналіст.

    3 сакавіка палітвязьня Алега Грузьдзіловіча асудзілі на 1,5 года калёніі. Яго абвінавацілі ў трох эпізодах удзелу ў нібыта масавых беспарадках падчас пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў 2020 году і гвалту. Таксама яму выставілі пазоў на 56 тысяч рублёў.

    За кратамі цяпер таксама журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў, і фрылансэр Свабоды Андрэй Кузьнечык, на якога заведзена крымінальная справа, суд пачнецца 8 чэрвеня.

    Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці