У вясковай хаце журналісткі Марыі Булавінскай адбыўся вобшук, без прысутнасці гаспадароў
Пра вобшук паведаміла Марыя Булавінская, а сама дазналася пра гэта ад аднавяскоўцаў.
«У вясковай хаце, якую мы планавалі адрэстаўраваць, адбыўся вобшук. Я набыла невялікі дом у вёсцы Гомельскага раёна ў 2019 годзе. Мы планавалі яго адрэстаўраваць сваімі сіламі: замяніць вянцы, якія згнілі, аднавіць разьбяны дэкор. Паспелі зрабіць толькі падрыхтоўчыя працы.
Аб вобшуку паведамілі мясцовыя жыхары. Ён адбыўся на мінулым тыдні. Са словаў мясцовых, прыязджалі памежнікі і міліцыянты.
Зараз дом апячатаны звычайным скотчам. З вокнаў бачна, што там усё раскідана. Ніякіх афіцыйных папер пра вобшук не пакінулі. На заклееных скотчам дзвярах пячатак няма. Ніякіх прыкметаў, што гэта быў афіцыйны вобшук, няма.
Людзі гавораць, што з дому нешта выносілі. Што менавіта, невядома.
Да матэрыяльных рэчаў стаўлюся зараз абыякава. Шкада толькі гістарычных артэфактаў. Кажуць, што ў хаце раптам пахіліліся аканіцы, раздзяўбаныя дзверы», — распавяла Марыя Булавінская.
Марыя Булавінская — журналістка, гісторык і грамадская актывістка з Гомеля.