Прысуд Ягору Марціновічу і Андрэю Скурко пакінулі ў сіле
Сёння Мінскі гарадскі суд разгледзеў апеляцыю на прысуд нашаніўцам. Прысуд застаецца ў сіле: два з паловай гады калоніі.
Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко затрымалі 8 ліпеня 2021 года.
Крымінальную справу супраць іх сілавікі завялі паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэкса (прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асобаў па папярэдняй змове або ў буйным памеры). Нашаніўцаў судзілі па эканамічным артыкуле за аплату камунальных паслуг па тарыфах для фізічных, а не юрыдычных асоб.
Першапачаткова шкоду налічылі ў памеры 3500 рублёў. Потым гэтая сума вырасла да 10 тысяч. Нашы калегі пагасілі шкоду да суда, «Мінскводаканал» і «Мінскэнерга» адклікалі іскі.
Суд пачаўся 28 лютага 2022 года, а прысуд быў вынесены 15 сакавіка. Зараз нашаніўцы знаходзяцца ў турме ў Магілёве.