Журналіста Свабоды Кузьнечыка перавялі ў СІЗА Магілёва
На гэты момант у зьняволеньні ў Беларусі знаходзяцца 25 прадстаўнікоў мэдыя.
Фрылансэра Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада 2021 году на роварнай прагулцы, у ягонай кватэры правялі ператрус, забраўшы тэхніку і іншыя рэчы.
26 лістапада Заводзкі раённы суд Менску абвінаваціў Андрэя Кузьнечыка ў дробным хуліганстве і пакараў 10 днямі арышту, затым Кузьнечыку прысудзілі яшчэ адзін адміністрацыйны арышт, а 23 сьнежня стала вядома, што на журналіста завялі крымінальную справу.
12 траўня стала вядома, што Андрэя Кузьнечыка перавялі зь менскага СІЗА‑1 на вуліцы Валадарскага ў магілёўскую турму.
З чым зьвязаны перавод, невядома. Таксама ўжо на працягу некалькіх месяцаў зьняволеньня Андрэя Кузьнечыка ані калегі, ані родныя дагэтуль ня ведаюць, па якім артыкуле яго абвінавачваюць. Адвакат пад падпіскай аб невыдаваньні.