«Рыхтуецца да суровага выніку». Ірына Леўшына знаёміцца з матэрыяламі справы
У найбліжэйшыя дні крымінальную справу дырэктара БелаПАНа накіруюць у пракуратуру, а потым ужо ў суд.
Пра гэта «Народнай Волі» распавяла дачка журналісткі Ірыны Леўшынай Ганна.
— Глабальных навін ад мамы няма, — кажа Ганна. — Яна цяпер знаёміцца са справай, а пасля 21 сакавіка справа пойдзе ў суд, і колькі яшчэ чакаць суда — толкам не вядома. Мама ўзрадавалася, што хоць нешта ссунулася з мёртвай кропкі.
— Навіны да яе даходзяць?
— Ну так… спрабуе фільтраваць інфармацыю пра Украіну, якую атрымлівае з афіцыйных крыніц. Ну хоць неяк!
— Іншых крыніц інфармацыі ў яе няма? Газеты нейкія даходзяць?
— Мама выпісвала расійскае выданне, здаецца, «Незавісімую газету». Але не ведаю, ці атрымлівае яна яе. Таму пакуль толькі тэлевізар.
— Колькі чалавек у камеры, дзе яна сядзіць? Якія ўмовы?
— Не ведаю, яна не можа пра гэта напісаць у лістах.
— У вас перапіска ідзе без збояў?
— Мне яе лісты даходзяць, а некаторым, я гляджу, перасталі прыходзіць.
— Калі не сакрэт, пра што яна піша вам?
— Мама часцей за ўсё рэагуе на тое, што я ёй пішу, — у мяне ж падзей больш.
— Не гаворыць, каб вы з’язджалі з краіны?
— Не. Ну і куды я паеду? Я яе не кіну. Мама кажа, што рыхтуецца да суровага выніку справы. А як будзе — паглядзім…
— Спатканняў у вас за ўвесь гэты час не было?
— Не. Я пісала заяву следчаму, але ён лічыць, што гэта немэтазгодна.
— А са здароўем у мамы як?
— Адвакат кажа, што ўсё ў парадку.
***
Дырэктара БелаПАНа Ірыну Леўшыну затрымалі 18 жніўня 2021 года. Пазней Следчы камітэт заявіў, што яе абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры, а затым — у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання. 12 лістапада БелаПАН быў прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем. Разам з Ірынай Леўшынай быў затрыманы экс-дырэктар БелаПАНа Дзмітрый Наважылаў, у студзені 2021 года затрымалі былога намесніка гендырэктара Андрэя Аляксандрава.