• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Палітвязня і супрацоўніка радыёстанцыі «Гомель» Аляксея Кругляка асудзілі ў суботу да года калоніі

    Суд Цэнтральнага раёна Гомеля завяршыў разгляд крымінальнай справы вядучага радыёстанцыі «Гомель», палітвязня Аляксея Кругляка, вядомага пад псеўданімам Аляксей Каверын. Журналіста абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх».

    Справу разглядаў суддзя Віктар Казачок.

    Аляксея Кругляка затрымалі 2 снежня 2021 года і да суда ўтрымлівалі ў СІЗА №3 Гомеля.

    Паводле абвінавачання, Аляксей Кругляк, знаходзячыся на працоўным месцы на Гомельскім тэлебачанні, са свайго тэлефону ў прафесійным закрытым чаце 12 жніўня 2020 года напісаў некалькі паведамленняў, якія тычацца палітычнай сітуацыі ў краіне пасля выбараў. Ён убачыў, які гвалт і агрэсія былі ў Менску і іншых гарадах краіны над мірнымі жыхарамі, якія выказвалі сваё стаўленне да выбараў, паведамляе ПЦ «Вясна».

    На эмоцыях Аляксей прапанаваў выходзіць на вуліцы ў Гомелі, ладзіць маршы, станавіцца ў ланцугі. Сам гатовы быў удзельнічаць у любых актыўных дзеяннях, нават надзець белую вопратку і далучыцца да жанчын з кветкамі, калі будзе неабходна, то і ў сукенку. Гэтыя паведамленні расцанілі як заклікі да несанкцыянаваных мітынгаў і дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а яго –  арганізатарам гэтых дзеянняў.

    Крымінальную справу завялі толькі праз год, восенню 2021 года, калі хтосьці з гэтага закрытага чата зліў інфармацыю, якая ўтрымлівала заклікі, у праўладны чат «Жоўтыя злівы».

    Аляксей да таго часу пра гэтыя паведамленні ўвогуле забыўся і своечасова іх не выдаліў. Пасля апублікавання ён спалохаўся, запісаў і выклаў у інтэрнэт «пакаяльнае» відэа, дзе ён ад усяго адхрышчваўся ў надзеі, што яго не затрымаюць. Але было позна…

    Напачатку следства Кругляк сваю віну прызнаваў часткова, прызнаваў, што пісаў ён, але нікуды, нікога не заклікаў, а «проста хацеў выйсці прагуляцца ў кампаніі і паглядзець абстаноўку ў горадзе».

    А на судовым працэсе Кругляк пагадзіўся даваць паказанні і тады прадстаўнік абвінавачання і суддзя дамагліся ад яго поўнага прызнання віны.

    Аляксей цалкам прызнаў віну, усвядоміў, каецца, хоча да маці, жонкі і дачкі.

    Сведкі, якія выступілі на працэсе, пацвердзілі яго прысутнасць і нік у службовым чаце.

    Таксама ў судзе былі прагледжаныя крыншоты паведамленняў, галасавых паведамленняў і ягонае «пакаяльнае» відэа.

    Пракурор запрасіў для абвінавачанага адзін год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

    У сваім  апошнім слове Аляксей, добра пастаўленым дыктарскім голасам агучыў, што згодны на ўсё, нават стаць «рупарам прапаганды», працаваць не пакладаючы рук на карысць краіны і рэжыму, абы не адпраўлялі ў калонію, а адпусцілі дадому да сям’і. Гэтак жа за яго вельмі перажывалі маці і жонка і прысутныя на працэсе, крыху перапалоханыя з‑за сітуацыі са знаёмым.

    Суддзя Віктар Казачок прызначыў Кругляку пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год у калоніі агульнага рэжыму, за выняткам часу праведзенага пад следствам у СІЗА.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці