Сьледзтва па справе палітвязьня Грузьдзіловіча скончылася, ён меў спатканьне з жонкай
31 студзеня Мар’яна Грузьдзіловіч атрымала дазвол на спатканьне з мужам, зьняволеным карэспандэнтам Свабоды Алегам Грузьдзіловічам.
Мар’яна распавяла Свабодзе, што спатканьне доўжылася адну гадзіну, размова адбывалася ў СІЗА‑1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, у пакоі для спатканьняў праз шкло з выкарыстаньнем тэлефонных апаратаў.
«Алег добра выглядаў, быў у чыстай вопратцы, на праблемы са здароўем і якасьць ежы ня скардзіўся. Было бачна, што ён вельмі рады быў спатканьню. Ён расказваў, што атрымлівае шмат лістоў ад родных, сяброў, знаёмых, зь Беларусі і іншых краін».
З размовы з мужам Мар’яна зразумела, што расьсьледаваньне крымінальнай справы Алега Грузьдзіловіча ўжо скончанае і цягам двух тыдняў чакаецца яе перадача ў суд пракурорам. Стала вядома, што Алегу Грузьдзіловічу ў СІЗА не прынялі кнігу, якую яму паслалі, «1984» Джорджа Оруэла.
Перасьлед Алега Грузьдзіловіча
16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, якога пазалетась пазбавілі акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.
Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і замянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
Фактычна справа заведзеная за асьвятленьне Алегам Грузьдзіловічам аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як пазаштатны карэспандэнт «Народнай волі», меў рэдакцыйнае заданьне.
За кратамі ў дадзены момант знаходзяцца таксама кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў, а таксама па крымінальнай справе за кратамі журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык.