• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Алега Грузьдзіловіча зьняволілі ў СІЗА, але допытаў не прызначылі АБНОЎЛЕНА

    Алега Грузьдзіловіча затрымалі 23 сьнежня і замянілі яму меру стрыманьня з абавязку яўкі на ўтрыманьне пад вартай. За час пасьля першага арышту Алега ў ліпені 2021 году ніякіх допытаў у яго не было. Пакуль не прызначылі і гэтым разам.

    Жонка палітвязьня журналіста Свабоды Алега Грузьдзіловіча Мар’яна 24 сьнежня заключыла дамову з адвакаткай. Тая ўжо мела размову са сьледчым Коласавым, які фармальна вядзе справу зьняволенага журналіста.

    Ён патлумачыў адвакатцы, што 24 сьнежня ніякіх сьледчых дзеяньняў ня будзе, сам ён ідзе ў адпачынак, а справу перадасьць камусьці іншаму. Не чакаецца допытаў Алега і ў выходныя. Калі будзе першы допыт, сьледчы адвакатцы не сказаў, толькі заявіў, што яе тады паклічуць.

    Мар’яна Грузьдзіловіч ужо перадала мужу першую перадачу ў СІЗА нумар 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

    «Усё, што яна падрыхтавала, узялі, апрача вады. Абяцаюць, што сёньня перададуць яму, а то потым тры выходныя ў іх», — кажа Мар’яна Грузьдзіловіч.

    Сёлета першы раз Грузьдзіловіча разам зь яшчэ дваімі вэтэранамі Свабоды, Інэсай Студзінскай і Алесем Дашчынскім, затрымалі 16 ліпеня. У рэдакцыі Свабоды правялі ператрус. Празь дзесяць дзён іх выпусьцілі.

    Грузьдзіловіч тады адмовіўся даваць паказаньні. Пры вызваленьні даў падпіску аб яўцы. Тры дні Алег галадаў за кратамі на знак пратэсту супраць затрыманьня і салідарнасьці зь Інэсай Студзінскай, якая галадала 9 дзён з патрабаваньнем дапусьціць да яе адваката.

    За кратамі ўжо месяц знаходзіцца фрылансэр Свабоды Андрэй Кузьнечык, на яго таксама завялі крымінальную справу. Журналіст і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік ужо паўтара года ў зьняволеньні. Яго асудзілі на 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

    23 сьнежня стала вядома, што беларускія сілавікі прызналі Радыё Свабода «экстрэмісцкім фармаваньнем».

    Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай выказаўся наконт прызнаньня сілавікамі інтэрнэт-рэсурсаў Радыё Свабода «экстрэмісцкімі фармаваньнямі», арышту журналіста-фрылансэра Свабоды Алега Грузьдзіловіча і завядзеньня крымінальнай справы супраць журналіста-фрылансера Свабоды Андрэя Кузьнечыка.

    «Мы асуджаем кампанію крыміналізацыі сумленнай журналістыкі і пазбаўленьні беларускага народу праўды, якую вядзе ўрад Беларусі. Мы зноў катэгарычна адкідаем гэты недарэчны, навязаны рэжымам ярлык. „Радыё Свабода“ — не „экстрэмісцкая арганізацыя“. Алег Грузьдзіловіч і Андрэй Кузьнечык — закладнікі гэтага беззаконнага рэжыму, а не злачынцы. Рэпартаж з фактамі — гэта не „экстрэмісцкая“ дзейнасьць, а журналістыка — не злачынства».

    Рэпрэсіі супраць журналістаў у 2021 годзе (табліца, спіс зняволеных)

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці