«Нашы чытачы нам ня здрадзілі». Найстарэйшаму незалежнаму агенцтву навінаў БелаПАН — 30 гадоў
19 лістапада старэйшаму ў Беларусі незалежнаму агенцтву БелаПАН спаўняецца 30 гадоў.
Яго заснавальнікам і шматгадовым кіраўніком быў Алесь Ліпай, які памёр у 2018 годзе. Пасьля Ліпая кампаніяй кіраваў Дзьмітры Наважылаў, затым — Ірына Леўшына. Цяпер Дзьмітры і Ірына ў турме, а КДБ прызнаў інфармацыйнае агенцтва БелаПАН «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Чытаем лісты, якія піша з турмы дырэктарка БелаПАН Ірына Леўшына, і ўспамінаем гісторыю найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва.
На выданьне падпісваліся дыпляматы, беларускія і міжнародныя арганізацыі
У 90‑х за кароткі тэрмін агенцтва заваявала рэпутацыю незалежнай, дакладнай і апэратыўнай крыніцы інфармацыі. Навіны БелаПАН публікавалі вядучыя дзяржаўныя і недзяржаўныя выданьні, цытавалі нацыянальныя і сусьветныя радыёстанцыі і тэлекампаніі. На навіны і аналітыку БелаПАН падпісваліся міжнародныя арганізацыі, дыпляматычныя прадстаўніцтвы, банкаўскія і фінансавыя інстытуты, прадпрыемствы і кампаніі многіх краін сьвету.
Ірына Леўшына працуе ў БелаПАН ад пачатку заснаваньня.
Ірына Леўшына ў лістах з турмы: «Канцэпцыя майго цяперашняга жыцьця такая: з кожным днём я набліжаюся да свабоды. Усё астатняе другаснае і, па вялікаму рахунку, ня мае значэньня. Таму я вельмі спакойна ўспрыняла сваю „прадлёнку“ (падаўжэньне ўтрыманьня пад вартай. — РС). Думаю, яна будзе не апошняй, ну і ладна. …Я працягваю працаваць па прафэсіі, бо сутнасьць нашай працы — пазнаваць жыцьцё ва ўсіх яго праявах. А тут ну вельмі цікава!»
Штодзень 100 навінаў на стужцы
У пачатку ў агенцтве працавалі тры чалавекі. У «лепшыя часы» — 50 супрацоўнікаў. Штодзень на стужцы БелаПАН выходзіла па сто навінаў на расейскай, беларускай і ангельскай мове.
Ірына Леўшына ў лістах з турмы: «Шмат гадоў таму Алесь Ліпай сказаў: „БелаПАН будзе заўсёды, нават калі нам давядзецца пайсьці ў падпольле“. Ці мог ён падумаць, з праблемамі якога маштабу прыйдзецца сутыкнуцца яго стварэньню? Наўрад… Не сумняваюся ў адным: ён быў бы намі задаволены. Трапіўшы ў гістарычную мясарубку, мы не дазволілі ператварыць сябе ў фарш: мы ня толькі выжылі, але і працягваем працаваць. Нашы чытачы нам ня здрадзілі — таму што людзям патрэбна праўда. Заўсёды».
Першымі пачалі выкарыстоўваць новыя інструмэнты мэдыя
БелаПАН першым пачаў рабіць інфаграфіку, затым — аўдыёслайдшоў, відэанавіны, праводзіць онлайн-канфэрэнцыі.
З 2000 году кампанія запусьціла праект «Выбары ў Беларусі», у якім падзеі ўсіх выбарчых кампаній і рэфэрэндумаў асьвятляліся ў рэжыме рэальнага часу.
У склад БелаПАН ўваходзіла сацыялягічная служба «Люстэрка», якая праводзіла дасьледаваньні, на падставе якіх рыхтаваліся сур’ёзныя аналітычныя матэрыялы.
Ірына Леўшына ў лістах з турмы: «У нас ёсьць тэлевізар. Сутнасьць таго, што адбываецца, мне вядомая. Але час цяпер такі, што страціць працу ў сфэры журналістыкі — гэта такі своеасаблівы знак якасьці, як і знаходжаньне ў турме. Усё перакручана з ног на галаву. Некалі мы будзем гэта ўзгадваць, і я ўпэўнена, што ўсё кепскае забудзецца, а вось добрыя людзі, годныя паводзіны і чалавечнасьць запомняцца да канца жыцьця».
У 2002 годзе зьявілася першая ў краіне поўнамаштабная інтэрнэт-газэта «Беларускія навіны». Старонка Naviny.by стала неўзабаве адным з самых прыкметных грамадзка-палітычных рэсурсаў краіны.
«Справа БелТА», сьмерць Ліпая, арышт Леўшынай
Складаным у гісторыі агенцтва стаў 2018 год: у чэрвені генэральнага дырэктара Алеся Ліпая абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падатку ў асабліва буйным памеры, у яго прайшоў ператрус. Сьледчыя распачалі крымінальную справу.
На той момант Ліпай меў анкалягічнае захворваньне.
7 жніўня 2018 году прайшоў ператрус у офісе БелаПАН і затрымалі некалькі супрацоўнікаў, у тым ліку галоўную рэдактарку Ірыну Леўшыну і журналістку Тацяну Каравянкову. Іх абвінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да інфармацыі дзяржаўнага агенцтва БелТА.
23 жніўня заснавальнік і генэральны дырэктар Алесь Ліпай памёр — падзеі гэтых месяцаў паскорылі цячэньне цяжкай хваробы, ён перажываў за сваіх супрацоўнікаў і, нягледзячы на дрэннае самаадчуваньне, да канца сваіх дзён падтрымліваў і іх, і кампанію.
Ірына Леўшына ў лістах з турмы: «Цяжкі сэрыял, канечне, зацягнуўся, але, улічваючы ўсю цяжкасьць сытуацыі, было б наіўна думаць, што ён хутка скончыцца. Усё ідзе самым натуральным чынам, я дакладна гэта ведаю. Ня ведаю толькі, адкуль у мяне гэтая ўпэўненасьць — мабыць, інтуіцыя».
Цяжкі год: ператрусы, арышты, зьняволеньне
У студзені 2021-га ў рэдакцыі прайшоў ператрус, канфіскавалі тэхніку і дакумэнты.
18 жніўня 2021 году падчас чарговага ператрусу ў рэдакцыі і ў журналістаў забралі тэхніку, некалькі супрацоўнікаў затрымалі, у тым ліку галоўную рэдактарку Ірыну Леўшыну, былога дырэктара Дзьмітрыя Наважылава і бухгальтарку Кацярыну Баеву (якую пасля выпусьцілі).
На сёньня праца рэдакцыі паралізаваная, сайты belapan.by і naviny.by, якія і раней былі заблякаваныя, не абнаўляюцца.
У лістападзе 2021-га КДБ прызнаў «групу грамадзян зь ліку супрацоўнікаў БелаПАН» «экстрэмісцкім фармаваньнем».
«Мы жывём сапраўды ў гістарычныя часы»
Ірына Леўшына ў лістах з турмы:
«Я часам нават думаю — не дарма ўсё гэта на нас звалілася. Цяпер мы дакладна ведаем, чаго мы вартыя, што можам і ў імя чаго яно нам дадзена. Слушна кажуць: «Што б ні адбывалася, стаў пытаньне не «Чаму гэта здарылася са мной?» а «Для чаго?». І ўвогуле, хто сказаў, што жыцьцё мусіць быць лёгкім? Розным яно мусіць быць, розным. Зараз мяне панясе пра гістарычныя часы, у якія мы жывём, але я сапраўды так лічу.
Ты не ўяўляеш, колькі тут цікавага матэрыялу, якія гісторыі! Успрымаю гэты адрэзак свайго жыцьця як працяг працы, «журналіст зьмяняе прафэсію».