Журналіст Дзяніс Івашын абвінавачваецца ў здрадзе дзяржаве. Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі
Гэта вынікае з адказу Упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці, які атрымала жонка журналіста Вольга Івашына.
Пакаранне па арт. 356 КК РБ прадугледжваецца ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад сямі да пятнаццаці гадоў. Па гэтым жа артыкуле абвінавачваецца медыяменеджар і журналіст Андрэй Аляксандраў.
Гродзенскі журналіст Дзяніс Івашын знаходзіцца за кратамі з 12 сакавіка 2021 года. У сеціве ў адным з праўладных телеграм-каналаў на мінулым тыдні з’явілася інфармацыя, што 25 кастрычніка артыкул журналісту перакваліфікавалі, цяпер яго абвінавачваюць паводле артыкула «Здрада дзяржаве».
Жонка журналіста Вольга Івашына атрымала адказ на свой запыт у Камітэт дзяржбяспекі. У лісце гаворыцца, што Дзяніс Івашын абвінавачваецца па артыкулах 365 і 356 Крымінальнага кодэкса. Паводле артыкула «Здрада дзяржаве» прадугледжана пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Лісты да Дзяніса амаль не даходзяць, а апошні ліст ад яго родныя атрымалі больш за месяц таму.
Маці Дзяніса Івашына знаходзіцца на пенсіі, а жонка Вольга ўжо працяглы час не можа знайсці працу, таму сябры і знаёмыя палітзняволенага журналіста арганізавалі яго сям’і невялікую дапамогу.
***
Дзянісу Івашыну 42 гады, ён жанаты. Па адукацыі эканаміст і палітолаг. Працаваў журналістам у незалежнай газеце «Новы Час» і міжнароднай супольнасці ІnformNapalm, якая даследуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны. Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, за што ён і газета «Новы Час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сірыю.
Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, завязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманне і заявіла, што журналісцкая дзейнасць ня можа быць прычынай пераследу.