174 тэлеграм-каналы і чаты прызнаныя ў Беларусі «эктрэмісцкімі»
Па дадзеных на 21 жніўня "экстрэмісцкімі" ў Беларусі прызнаныя 174 тэлеграм-каналы і чаты. Суды па пераважнай большасці з іх прайшлі ў 2021 годзе.
Першыя тэлеграм-каналы і чаты былі прызнаныя «экстрэмісцкім» яшчэ ў снежні 2018 года. Яны былі звязаныя з рухам анархістаў. Трэба сказаць, некаторыя з іх рэгулярна абнаўляюцца дагэтуль.
У кастрычніку 2020 года быў прызнаны «экстрэмісцкім» самы буйны на той момант кірылічны тэлеграм-канал, рэдакцыя якога знаходзіцца ў Варшаве. Следам у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў былі дададзеныя яшчэ два каналы гэтага брэнду. Гэта былі першыя тг-каналы, прызнаныя «экстрэмісцкімі» ў звязку з выбарчай кампаніяй 2020 года.
Пачынаючы з 18 лютага ўлады Беларусі пачалі рэгулярна прызнаваць тэлеграм-каналы і чаты экстрэмісцкімі. За 184 дня ў спіс забароненых унесена 167 інфармацыйных пляцовак, якія працуюць у Telegram. То бок, у сярэднім улады дзейнічалі крыху павольней, чым па адным канале ці чаце за дзень.
Згодна з беларускім заканадаўствам, чытаць «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы ці чаты не забаронена. Аднак «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка такой інфармацыі» (19.11 КаАП) караецца адміністрацыйнай адказнасцю. Праваабаронцам з «Вясны» вядома пра як мінімум 30 судовых пасяджэнняў па гэтым артыкуле. Агулам людзям прысудзілі па ім 433 базавыя велічыні штрафу і 164 дні арышту.