Як разграмілі рэдакцыю і кватэры нашаніўцаў падчас вобшукаў ФОТЫ
Так выглядалі кватэры пасля вобшукаў 8 ліпеня. У той дзень былі затрыманыя чацвёра супрацоўнікаў "Нашай Нівы": галоўны рэдактар Ягор Марціновіч, кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко, галоўны рэдактар часопіса «Наша гісторыя» Андрэй Дынько і галоўны бухгалтар Вольга Раковіч. Двое — Марціновіч і Скурко — застаюцца за кратамі, 28 ліпеня ім было выстаўлена абвінавачванне.
Трагічным сімвалам стаў бюст заснавальніка «Нашай Нівы» Івана Луцкевіча. Яго разбілі на кавалкі.
Банер «Наша Ніва» разарвалі. Кадр гэтага вандалізму захоплена тыражавалі пралукашэнкаўскія тэлеграм-каналы.
Разарвалі і вокладку аднаго з даўніх нумароў «Нашай Нівы».
Шафа пасля ператрусу.
На сталы выкладалі і фатаграфавалі тое, што ім здавалася падазроным.
Напрыклад, вось гэтыя кнігі.
А тут іх увагу прыцягнула стужка з арнаментам.
Бібліятэка Андрэя Дынько пасля ператрусу: кнігі зваленыя стосамі.
Дом Андрэя Скурко пасля ператрусу.
У сераду 28 ліпеня скончылася 10 сутак з моманту паўторнага затрымання нашых калег па крымінальнай справе, на працягу якіх следства павінна было выставіць абвінавачванне. Галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэя Скурко не вызвалілі, яны застаюцца ў СІЗА на Валадарскага. Вынікае, што ім выставілі абвінавачванне па ч.2 арт.216 КК (нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскрадання групай асобаў).
Сэнс прэтэнзій у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была па тарыфах для фізасобаў, а трэба было плаціць па тарыфах для юрасобаў. Следчыя налічылі, што за чатыры гады прадпрыемству «Мінэнерга» быў нанесены ўрон — 3,5 тысячы рублёў. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не звярталася.
Нашаніўцы прызнаныя палітвязнямі. Ягор Марціновіч пры затрыманні быў збіты, у Следчым камітэце яму вылікалі хуткую дапамогу. Андрэй Скурко хворы на дыябет, у СІЗА ён адразу трапіў у медчастку — у яго знайшлі пнеўманію, верагодна, кавіднага паходжання. Для дыябетыкаў кавід смяротна небяспечны.
Падтрымайце нашаніцаў лістом! Пішыце на адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарска, 2, СІЗА‑1.