Фатограф Аляксандр Саенка: Згубіўшы каманду, я адчуў адзіноту ШМАТ ФОТА
“Цэнтр Гарадскога жыцця” ў Гродне стаў месцам, дзе да 12 жніўня 2021 года працуе выстава вядомага фатографа Аляксандра Саенкі.
“Мае сябры з’ехалі, каманда распалася за апошнія некалькі месяцаў, каментуе ідэю выставы Аляксандр Саенка, — мне стала адзінока і замест таго, каб пайсці да псіхатэрапеўта, я пайшоў у лес”.
Выстава мае назву “Сувязь са спадарожнікамі страчана” і паказвае здымкі Румлёўскага парка, што знаходзіцца ў межах Гродна.
— Гэта для мяне сваеасаблівы дзэн. Я па жыцці вельмі актыўны, мне цяжка запаволіцца. Сваімі здымкамі я заўсёды пакідаю надзею. Я хадзіў па Румлёўскаму парку два месяцы кожны дзень, за месяц нахадзіў там каля 200 кіламетраў. Мне вельмі падабаецца атмасфера трагічнасці, старых дрэваў і тое, што там амаль ніколі не бывае людзей. Я хацеў паказаць прыроду, паказаць сваю адзіноту праз гэты лес, гэтыя дрэвы.
— Як цяпер працуецца фатографу-фрылансеру ў горадзе?
— Працы амаль няма. Займаюся толькі сваімі мастацкімі праектамі.
Аляксандр Саенка ўзгадвае нядаўні ператрус, што адбыўся 16-га ліпеня:
— Усё было даволі прыстойна, культурна, забралі два тэлефоны, два старых фотаапараты, флешку. Потым быў невялікі допыт у РАУСе на Гая і адпусцілі. Я стаў сведкам па арт. 342 Крымінальнага кодекса РБ паводле падзей 9–13 жніўня 2020 года, падпіскі аб неразгалошванні я не даваў.
Нагадаем, што 8 жніўня 2020 года Аляксандра Саенку затрымалі на Савецкай плошчы у Гродне, ён адбываў “суткі” ў ІЧУ на вуліцы Гая. Яго калега Ян Роман, калі прыйшоў сустракаць Саенку да ІЧУ, быў моцна збіты супрацоўнікамі АМАПу.
Як стаць добрым фатографам: парады Аляксандра Саенкі