Журналіста Алеся Асіпцова аштрафавалі за навіну на сайце «Радыё Свабода»
22 ліпеня суд Ленінскага раёну Магілёва аштрафаваў ужо былога карэспандэнта БелаПАН Алеся Асіпцова на 25 базавых велічынь за працу журналістам замежнага СМІ без акрэдытацыі.
Яго абвінавацілі ў тым, што 25 траўня ён падрыхтаваў артыкул пра вынікі суду над палітвязьнямі Паўлам Севярынцам, Максімам Вінярскім, Ірынай Шчаснай, Зьмітром Казловым і іншымі для Радыё Свабода, чым парушыў артыкул 23.5 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.
Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал MAYDAY.
На судзе Асіпцоў растлумачыў, чаму ён невінаваты. Ён паказаў афіцыйныя дакумэнты, згодна зь якімі ён зьяўляўся на той момант карэспандэнтам інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, і зьвярнуў увагу судзьдзі на тое, што яго матэрыял быў першапачаткова апублікаваны на сайце інфармагенцтва.
Да матэрыялаў справы раздрукоўку арыгінальнага артыкулу не далучылі, а судзьдзя Ленінскага раёну Магілёва Аксана Ратнікава прызнала журналіста вінаватым і прысудзіла яму 25 базавых велічынь штрафу, гэта 725 рублёў.
У ходзе пасяджэньня Асіпцоў заявіў, што часова прыпыняе сваю журналісцкую дзейнасьць.