Агнежка Рамашэўская: Верагодна, Пачобуту прапаноўвалі вызваленне і дэпартацыю, а ён адмовіўся
Дырэктарка тэлеканала "Белсат" Агнежка Рамашэўская напісала ў Facebook, што журналісту Андрэю Пачобуту, верагодна, прапаноўвалі свабоду ў абмен на дэпартацыю.
Агнежка Рамашэўская піша, што мае інфармацыю, быццам кіраўніцы непрынанага ўладамі Саюза палякаў Анжаліцы Борыс прапаноўвалі дамову: яе выпускаюць з СІЗА і дэпартуюць з краіны. Яна адмовілася.
«Падобная прапанова, здаецца, таксама была пададзена Андрэю Пачобуту і што адказ быў такім жа», — піша Рамашэўская. Але дакладнай інфармацыі яна не мае, бо адвакаты маюць падпіскі аб неразгалошванні.
«Такога абыходжання з зняволенымі не было нават у Польшчы ў перыяд ваеннага становішча!!!» — абураная кіраўніца тэлеканала.
25 сакавіка 2021 года сілавікі прыйшлі ў кватэру да журналіста Андрэя Пачобута, журналіста, актывіста непрызнанага ўладамі Саюза палякаў. Тры гадзіны доўжыўся ператрус у рамках крымінальнай справы па частцы 3 артыкуле 130 «Распальванне расавай, нацыянальнай варажнечы». Паводле гэтага артыкула, абвінавачанаму можа пагражаць ад 5 да 12 гадоў.
З таго дня Андрэй Пачобут знаходзіцца пад вартаю, сёння стала вядома, што журналіста перавялі з СІЗА на Валадарскага ў Жодзіна.
Новы адрас для лістоў: Следчая турма №8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А
Журналіст прызнаны палтвязнем.