14 арганізацый заклікалі дзяржавы-члены Савета Еўропы стаць на абарону беларускіх журналістаў
У 2020 годзе былі нанесеныя надзвычайныя страты свабоднай і незалежнай журналістыцы ў Еўропе, да такой высновы прыходзяць аўтары штогадовага даклада. Гэты дакумент быў падрыхтаваны 14 арганізацыямі-партнёрамі з Платформы Савета Еўропы па садзейнічанні абароне журналістыкі і бяспецы журналістаў.
Беларусь не знаходзіцца ў юрысдыкцыі Платформы, аднак арганізацыі-партнёры адзначаюць маштабныя рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў Беларусі і заклікаюць звярнуць увагу на нашу краіну.
Аўтары даклада адзначаюць, што сітуацыя з Covid-19 моцна паўплывала на дзейнасць медыя: быў уведзены шэраг абмежаванняў, журналісты сутыкнуліся з сістэматычнай адмовай у доступе да агульнай інфармацыі пра пандэмію, у тым ліку ў доступе да медыцынскіх работнікаў і ўстаноў.
Агулам Платформа зафіксавала 201 папярэджанне наконт сітуацыі са свабодай СМІ ў 2020 г. Гэта амаль на 40 % больш, чым у 2019 г. Рэкордная колькасць папярэджанняў датычылася фізічных нападаў (52 зарэгістраваныя выпадкі) і пераследу альбо запалохвання (70 выпадкаў). Пра здарэнні з журналістамі падчас мітынгаў і дэманстрацый паведамлялася ў Францыі, Грэцыі, Італіі, Польшчы, Расіі, Сербіі, Іспаніі, Турцыі і Вялікабрытаніі.
Уласнік албанскіх СМІ Кастрыёт Рэчы быў застрэлены, галоўны рэдактар партала навін Koza.Press з Расійскай Федэрацыі Ірына Славіна загінула ад самаспалення пасля зваротаў аб абароне ад працяглага афіцыйнага пераследу. За апошні год культура беспакаранасці ўмацавалася ў Еўропе, гаворыцца ў дакладзе. Прайшло тры гады, а ўлады Мальты не прыцягнулі да адказнасці вінаватых у забойстве журналісткі Дафніі Каруаны Галіцыя ў кастрычніку 2017 года. У Славакіі трое мужчын былі асуджаныя да турмы за ўдзел у забойстве ў 2018 годзе журналіста-расследавальніка Яна Куцыяка і яго нявесты Марціны Кушніравай. Але замоўцы застаюцца на свабодзе, бо, на думку суда, не хапае доказаў, каб прыцягнуць іх да адказнасці.
Рыкарда Гут’ерэс, генеральны сакратар Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, падкрэсліў у сваім выступе, што асаблівую заклапочанасць выклікаюць шматлікія факты фізічнай агрэсіі ў дачыненні да журналістаў, у параўнанні з мінулым перыядам іх колькасць павялічылася ўдвая. У 2020 годзе было зафіксавана 52 выпадкі нападаў, фізічнага гвалту. Вельмі хутка расце колькасць анлайн харасменту, асабліва ў дачыненні да жанчын-журналістак.
Гут’ерэс значную частку сваёй прамовы прысвяціў драматычнай сітуацыі ў Беларусі, якая не з’яўляецца членам Савета Еўропы і не падпадае пад механізмы гэтай структуры. Аднак журналісты ў мінулым годзе ў Беларусі сутыкнуліся з вялікай хваляй пераследу, якая толькі нарастае.
Прадстаўнік ЕФЖ падкрэсліў, што ў Беларусі ў 2020 годзе было зафіксавана як мінімум 62 факты фізічнага гвалту ў дачыненні да журналістаў — гэта больш, чым агулам у краінах, якія ўваходзяць у Савет Еўропы.
Беларусь застаецца па-за сістэмай Платформы. Аднак, улічваючы эскалацыю рэпрэсій супраць свабоды СМІ ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года і масавых пратэстаў, партнёрскія арганізацыі Платформы вырашылі ўключыць Беларусь у гадавы даклад, і заклікаюць да актыўных дзеянняў міжнародную супольнасць, каб спыніць рэпрэсіі журналістаў з боку беларускіх уладаў.
На момант напісання даклада ў Беларусі за кратамі знаходзіліся 12 журналістаў.
Кацярына Барысевіч (tut.by), Кацярына Андрэева (тэлеканал «Белсат»), Дар’я Чульцова («Белсат»), Юлія Слуцкая (заснавальніца «Прэс-клуба Беларусь»), Сяргей Альшэўскі (дырэктар «Прэс-клуба»), Ала Шарко (праграмны дырэктар «Прэс-клуба»), Пётр Слуцкі (супрацоўнік «Прэс-клуба»), Ксенія Луцкіна (былая супрацоўніца дзяржтэлеканала «Беларусь 2») , Андрэй Аляксандраў (журналіст і медыяменеджар), Дзяніс Івашын (журналіст газеты «Новы Час»), Язэп Палубятка (карэспандэнт «Газеты Слонімскай» у Мастах, вызвалілі пасля суда. — Рэд.), Сяргей Гардзіевіч (карэспандэнт інтэрнэт-выдання «Першы Рэгіён», знаходзіцца пад хатнім арыштам).
У дакладзе пералічваюцца шматлікія парушэнні правоў журналістаў у Беларусі.
ЛІЧБЫ ГОДА. Пераслед журналістаў і медыя ў 2020 годзе
Рэпрэсіі супраць журналістаў у 2020 годзе (табліца, спіс арыштаваных)
“Усе гэтыя дзеянні падкрэсліваюць маштаб рэпрэсій у Беларусі. Іх ні пры якіх абставінах нельга разглядаць як адказ на парушэнне грамадскага парадку, — адзначаецца ў дакладзе. — Партнёры Платформы заклікаюць усе дзяржавы-члены Савета Еўропы пакінуць у баку геапалітычныя меркаванні і заняць адназначную пазіцыю адносна гэтай беспрэцэдэнтнай хвалі нападаў на незалежную журналістыку ў краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы. Партнёры Платформы таксама заклікаюць Камітэт Міністраў Савета Еўропы ўключыць Беларусь у кампетэнцыю Платформы”.
Платформа па садзейнічанні абароне журналістыкі і бяспекі журналістаў была створаная Саветам Еўропы ў 2015 годзе ў супрацоўніцтве з вядомымі міжнароднымі арганізацыямі, якія займаюцца пытаннямі свабоды выказвання меркаванняў, і з асацыяцыямі журналістаў у мэтах прадастаўлення інфармацыі, якая можа служыць асновай для дыялогу з дзяржавамі-членамі.
Спіс арганізацый-партнёраў, якія ўваходзяць у Платформу Савета Еўропы па садзейнічанні абароне журналістыкі і бяспецы журналістаў:
European Federation of Journalists
International Federation of Journalists
Association of European Journalists
ARTICLE 19
Reporters Without Borders
The Committee to Protect Journalists
Index on Censorship
International Press Institute
International News Safety Institute
The Rory Peck Trust
The European Broadcasting Union
Pen International
European Centre for Press & Media Freedom
Free Press Unlimited