Найбуйнейшыя беларускія СМІ абвясцілі «беларускамоўную нядзелю»
Сёння сайты TUT.BY, «Анлайнер» і «Трыбуна» адмыслова выдаюць тэксты па-беларуску, каб нагадаць і сабе, і сваім чытачам пра тое, якое вялізнае значэнне мае беларуская мова для нацыянальнай культуры і для фарміравання беларускай нацыі.
Журналіст Дзмітрый Навоша піша: «Беларусы цалкам усведамляюць сябе беларусамі і з расейскай мовай прыкладна ў той жа ступені, як выкарыстанне англійскай не перашкаджае нацыянальнаму самаўсведамленню ірландцаў, якіх не перарабіць у англічан нават сілай. Аналагічна са швейцарцамі, бельгійцамі ці там мексіканцамі. Але апошні год даў упэўненасць у адраджэнні беларускай мовы — асабліва ў моманты мэтанакіраванага пераследу беларускамоўных.
У той жа ступені гістарычны герб «Пагоня» і БЧБ максімальна вярнуліся ў жыццё беларусаў менавіта тады, калі гэта стала вельмі рызыкоўным і абярнулася дзясяткамі чалавека-гадоў за кратамі. Дадайце трохі мовы ў сваё жыццё у чытанне, у зносіны, хоць бы на ўзроўні базавых «дзякуй» і «калі ласка». Мова — гэта ваша мяккая сіла, ваш штодзённы адзіночны пікет».