Родныя не атрымалі ад журналіста Івашына ніводнага ліста
Журналіст Дзяніс Івашын амаль месяц сядзіць у СІЗА горадзенскай турмы. Ён расьсьледаваў, як былыя ўкраінскія бэркутаўцы ўладкоўваюцца на працу ў беларускі АМАП.
Як расказала жонка затрыманага журналіста Вольга Івашына, Дзяніс спачатку сядзеў адзін у камэры. Прыкладна 2 тыдні таму яго перавялі ў камэру зь яшчэ двума вязьнямі. Наколькі вядома сваякам, сукамэрнікі не «палітычныя».
«Дзяніс нават павесялеў, што не аднаму цяпер сядзець», — кажа жонка.
Па здароўі ён адчувае сябе нармальна. На ўмовы цяпер ня скардзіцца. Раней у яго была халодная камэра, дзе не зачынялася фортка. Перадачы Івашыну перадаюць. Акрамя звычайных побытавых рэчаў, ён прасіў прысмакі на Вялікдзень і сала.
«Велікодныя яйкі нават не спрабавалі перадаць, бо іх не бяруць», — тлумачыць Вольга.
Гадзіньнік на руку пакуль не ўдалося перадаць праз турэмныя абмежаваньні. Вядома, што лісты да палітвязьня даходзяць, і ад сваякоў, і ад сяброў. Але ад яго на волю пакуль нічога не прыйшло.
Сьледчыя дзеяньні з Івашыным вялі толькі на самым пачатку. Ён адмовіўся даваць паказаньні.