Карэспандэнту “ГC” Язэпу Палубятку не аддалі ў міліцыі забраныя падчас ператрусу тэхніку і рэчы
Карэспандэнту “Газеты Слонімскай” Язэпу Палубятку не аддалі ў міліцыі тэхніку і рэчы, забраныя падчас ператрусу ў яго кватэры.
У панядзелак, 29 сакавіка, карэспандэнт “Газеты Слонімскай” у Мастах Язэп Палубятка з даведкай пра аплату штрафу пайшоў у міліцыю забіраць камп’ютар, тэлефон ды іншую маёмасць, адабраную супрацоўнікамі міліцыі ў выніку ператрусу ў яго кватэры 22 сакавіка. Тэхніку і рэчы яму не аддалі.
— Рашэнне суда яшчэ не ўступіла ў законную сілу, бо не прайшло дзесяць дзён з моманту прыняцця. І хоць я пагадзіўся з гэтым рашэннем, прызнаў віну і аплаціў штраф, адабраныя рэчы міліцыя не вярнула. Сказалі, што паводле закона не маюць права аддаваць цяпер. Такія вось законнікі. У наступны раз паспрабую ў пятніцу забраць у міліцыі сваё, бо дзесяць дзён з моманту абвяшчэння судовага рашэння па маёй справе прыпадаюць на нядзелю, — распавёў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Язэп Палубятка.
Нагадаем, 25 сакавіка суд Мастоўскага раёна аштрафаваў Язэпа Палубятку на 15 базавых велічынь за адзіночны пікет паводле арт. 23.34 КаАП. Пікетам суд палічыў ружу і выяву бел-чырвона-белага сцяга, размешчаныя на падваконніку ў кватэры. Палубятка пагадзіўся, што ў гэтай частцы парушыў заканадаўства, і пасля суда адразу аплаціў штраф. Перад гэтым, 22 сакавіка, у кватэры журналіста мастоўская міліцыя зладзіла ператрус, яго самога затрымалі і трое сутак да суда пратрымалі за кратамі ў ізалятары часовага ўтрымання.