Акцыя салідарнасці. 50 журналісцкіх саюзаў Еўропы патрабуюць вызвалення беларускіх калег
Кіраўнікі 50 журналісцкіх саюзаў і аб'яднанняў у 33 еўрапейскіх краінах сёння заклікалі свае ўрады ўзмацніць ціск і прыняць меры ў сувязі з пастаяннымі парушэннямі правоў чалавека і свабоды прэсы ў Беларусі. У сумесным лісце яны заклікаюць кіраўнікоў ўрадаў сваіх краін запатрабаваць ад Беларусі неадкладнага вызвалення 12 зняволеных журналістаў і спынення адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу беларускіх калег.
Па ініцыятыве Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, сябрам якой з’яўляецца Беларуская асацыяцыя журналістаў, кіраўнікі 50 журналісцкіх арганізацый у 33 краінах Еўропы сёння, 25 сакавіка, накіравалі сумесны ліст кіраўнікам і ўрадам еўрапейскіх дзяржаў пра сітуацыю ў Беларусі.
Падпісанты ліста 50 журналісцкіх саюзаў выказваюць глыбокую заклапочанасць у сувязі з узмацненнем рэпрэсій у Беларусі. На сённяшні дзень у краіне больш за 250 палітвязняў, у тым ліку 12 журналістаў. І гэта толькі вяршыня айсберга. З 9 жніўня 2020 года было затрымана больш за 30 000 чалавек (у тым ліку больш за 480 журналістаў), прычым многія з іх сталі ахвярамі гвалту і катаванняў.
На дадзены момант ў няволі застаюцца журналісты:
Кацярына Андрэева
Дар’я Чульцова
Кацярына Барысевіч
Юлія Слуцкая
Ала Шарко
Сяргей Альшэўскі
Пётр Слуцкі
Ксенія Луцкіна
Андрэй Аляксандраў
Дзяніс Івашын
Язэп Палубятка
Сяргей Гардзіевіч
У сумесным лісце кіраўнікі журналісцкіх саюзаў заклікаюць:
- Патрабаваць ад уладаў Беларусі неадкладнага вызвалення 12 зняволеных журналістаў, адмены адміністрацыйных і крымінальных спраў супраць беларускіх журналістаў і аднаўлення працы Прэс-клуба;
- Звярнуцца да Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, АБСЕ, Савета Еўропы і Еўрапейскага Саюза, каб міжнародная супольнасць узмацніла ціск і прыняла меры з нагоды пастаянных парушэнняў правоў чалавека і свабоды прэсы ў Беларусі.
— Мы вітаем учорашняе рашэнне Савета па правах чалавека ААН стварыць групу следчых для збору доказаў пра празмернае ўжыванне сілы і катаванняў з боку ўладаў Беларусі», — заявіў прэзідэнт Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Могенс Бліхер Б’еррэгард. — Але гэтага недастаткова. Рэпрэсіі працягваюцца і ўзмацняюцца. Рэжым Лукашэнкі павінен неадкладна вызваліць усіх палітвязняў, у тым ліку 12 журналістаў, якія толькі рабілі сваю працу. Надышоў час еўрапейскім урадам і міжнароднай супольнасці прыняць меры, — гаворыць прэзідэнт Еўрапейскай федэрацыі журналістаў.
ЕФЖ і БАЖ таксама заклікаюць еўрапейскіх журналістаў накіроўваць лісты зняволеным калегам у Беларус. Іх адрасы ТУТ