У Гродне прайшлі «агляды» кватэр журналістаў Яна Романа і Алеся Дзянісава
Раніцай 17 сакавіка ў Гродне побач з домам быў затрыманы журналіст Ян Роман. У яго кватэры супрацоўнікі міліцыі правялі "агляд". Забралі ноўтбук і тэлефон. Пасля абеда стала вядома, што міліцыянты прыйшлі з "аглядам" да журналіста Алеся Дзянісава.
Нагода — быццам бы Ян Роман заплаціў штрафы за двух асобаў, якіх пакаралі ў межах Адміністрацыйнага кодэкса за ўдзел у пратэстах, і такім чынам фінансаваў пратэсты ў краіне.
У якім статусе знаходзіцца журналіст Ян Роман пакуль невядома. Вечарам Яна адпусцілі з РАУСа.
«Мне сразу удар ногой – выскочили зубы и разбились очки». В Гродно избили тележурналиста
Ян Роман працуе на польскае тэлебачанне, робіць перадачы пра гісторыю і культуру, сябра ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». 10 жніўня яго моцна збілі каля Кастрычніцкага РАУС Гродна, куды ён прыехаць сустрэць сваіх калег. Міліцыянты ў цывільным выбілі яму зубы, зламалі нос і костку твару, вакол вачэй быля вялікая гематома, пабілі акуляры і пашкодзілі нагу.
Каля 16‑й гадзіны з «аглядам» прыйшлі ў кватэру журналіста Алеся Дзянісава. Дома была толькі яго дачка (поўнагадовая). Жонка Алеся ў гэты час была на працы, а сам Алесь па-за горадам.
Агляд праходзіў у межах той жа праверкі, што і ў Яна Романа.
«Агляд» у кватэры Алеся Дзянісава доўжыўся некалькі гадзін. У выніку міліцыянты забралі два ноўтбукі, чатыры мабільных тэлефоны, розныя налепкі.
Дачку Дзянісава Дар’ю пасля забралі родныя. Яна адна была ў кватэры, калі праходзіў агляд.
Дар’я распавяла, што міліцыянты цікавіліся, ці ведае яна гродзенскіх журналістаў Аляксея Кайрыса, Андрэя Мялешку.
Алесь Дзянісаў цяпер не ў Гродне.
Алесь Дзянісаў — аператар-фрылансер, музыка, лідар гурта Dzieciuki. Ён таксама пацярпеў летам 2020 года. Дзянісава затрымалі 11 жніўня, разбілі твар і пашкодзілі нагу. На яго завялі справу аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Пазней справу спынілі.