• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Маштабная акцыя застрашэння незалежных журналістаў у Гомелі і Рэчыцы

    16 лютага ў Гомелі  і Рэчыцы прайшлі ператрусы ў сяброў ГА "БАЖ" Анатоля Гатоўчыца,  Яўгена Меркіса, Андрэя Мядзведзева, Яўгеніі Парашчанкі, а таксама ў шэрагу праваабаронцаў рэгіёна.

    Маштабная акцыя ператрусаў праводзілася паводле ініцыятывы Галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці Цэнтральнага апарата Следчага камітэта, падпалкоўніка юстыцыі Валынца. Вобшукі санкцыянаваў намеснік генеральнага пракурора Дзмітрый Гора.

    «Да мяне ў кватэру выканаўцы вычурнай пастановы: маёр рэгіянальнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Дзмітрый Сопаў, супрацоўнік Цэнтральнага райаддзела міліцыі Гомеля Юрый Клімянкоў і Міхаіл Дзейкін, таксама, здаецца, з таго ж райаддзела міліцыі, прыехалі ў 7.20 раніцы, калі мы яшчэ спалі, — расказвае Анатоль Гатоўчыц. — Я асабіста лег позна і не адразу зразумеў, што міліцыянты хочуць. Маўляў, зойдзем, раскажам. Папрасіў пачакаць, пакуль звяжуся са сваім адвакатам, але той аказаўся ў ад’ездзе».

    Журналіст зазначае, што ў яго выклікала непаразуменне фармулёўка ў пастанове «важняка» з СК, які напісаў, што ў кватэры і падсобных памяшканнях «могуць знаходзіцца прадметы, дакументы і каштоўнасці, якія могуць мець значэнне для крымінальнай справы”.

    “Прыгожа, канешне, састаўлена, як зазначаў адзін літаратурны герой. Але што ў мяне павінна быць — спісы і пратаколы таемнага «Саюза мяча і арала»? Залатыя зліткі і дыяменты на падтрымку ўдзельнікаў акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў?  Публікацыі ў «Народнай газеце», на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў? Дык артыкулы і нататкі змешчаныя ў адкрытым доступе. Дыяменты мне паказвалі ў вытворчым аб’яднанні «Крышталь», якое гадоў дзесяць таму, на жаль, збанкрутавала. На залатых злітках я не сядзеў і золата з беларускіх расолаў не выпарваў. А галоўнае, мне не зразумела, дзе, калі і якія масавыя беспарадкі я арганізаваў?» — здзіўляецца спадар Анатоль.

    Аднаго з панятых міліцыянты прывялі ў дом журналіста з сабой, а другой стала суседка-пенсіянерка.

    Падчас ператрусу ў Гатоўчыца забралі тры ноўтбукі, планшэт жонкі, штодзённікі розных гадоў, шмат блакнотаў і агульных сшыткаў, дзе рабіліся запісы з вандровак, судоў, сустрэч з героямі публікацый.

    Таксама міліцыянты забралі з сабой магнітныя стыкеры з лядоўні з выявай “Пагоні”, якія журналісту дарылі на розных імпрэзах, вялікі бел-чырвона-белы сцяг і ўкраінскі дзяржаўны сцяг, падараны калегамі з Чарнігава. Маленькія сцяжкі з выявай “Пагоні” і бел-чырвона-белага сцяга таксама запакавалі. А вось сцяжкі ЗША і Еўрасаюза пакінулі.

    Пыталіся, у прыватнасці: “Навошта вам бел-чырвона-белы сцяг?“.  Журналісту давялося тлумачыць, што гэта гісторыя незалежнай Беларусі:  “Бо калі не ведаць і не памятаць сваю нацыянальную гісторыю, то давядзецца вывучаць і карыстацца чужой”.

    Звезлі ранішнія “госці” з кватэры журналіста і шэсць флэшак, знешні накапняльнік, а таксама сігнальны экзэмпляр напісанай ім кніжкі “Адысея капітана БНР”.

    «Напакавалі шмат усялякай усячыны! Я нават ім пакеты свае даваў, бо тыя, што ў іх з сабой былі — тонкія, як для смецця, з іх маглі вываліцца цяжэйшыя рэчы, найперш ноўтбукі. Кажу, хлопцы, вы ж мяшэчнікі!», — расказвае Анатоль, дадаючы, што і ў часы НЭПа і пасля развалу савецкай сістэмы была такая эканамічна актыўная катэгорыя грамадзян, якія праз дробны гандаль ажыўлялі эканоміку. Праўда, цяперашнія «мяшэчнікі» больш падобныя на экспрапрыятараў.

    Перавярнулі ў журналіста літаральна ўсё ў доме, залезлі ў бялізну. І нават у падвал хадзілі — была пастанова і там вобшук правесці. Цікава, што з падвала Гатоўчыца тры з лішнім гады таму скралі ровар унучкі. Разбірацца тады прыходзілі дзевяць міліцыянтаў з сабакам, але ровара так і не знайшлі.

    Вобыск у Анатоля Гатоўчыца цягнуўся больш за чатыры гадзіны. Багата часу заняло складанне пратаколаў з перапісваннем забраных рэчаў.

    Міліцыянеры правялі нават асабісты дагляд журналісту, хоць пра гэта ў пастанове не было сказана ні слова. Таму Анатоль зрабіў адпаведную заўвагу ў пратаколе. Сказалі, што ўсе вынятыя рэчы адвязуць у Мінск і там будуць старанна ўсё вывучаць.

    Зазначым, што тыдзень таму журналіста Гатоўчыца выклікалі ў якасці сведкі ў Гомельскі раённы аддзел Следчага камітэта па справе Уладзіміра Няпомняшчых.

    Падчас вобшуку міліцыянты выбачаліся, падкрэслівалі, што яны толькі выканаўцы. Прасілі нават, што калі журналіст будзе пісаць пра ператрус у сродках масавай інфармацыі, то каб напісаў пра іх нешта і добрае: яны, маўляў, нічога не разбурылі, не нашкодзілі і былі ў бахілах. Хоць бахілы журналісцкая сям’я дала ім свае. Міліцыянеры працавалі ў масках і бажыліся, што на каранавірус не хварэюць.

    «Пасля вобшуку — распавядае Анатоль, — двое з міліцыянтаў спыталі, ці можна зайсці ў прыбіральню. Кажу: “Можна, але ў мяне платная!”. Яны пасмяяліся. Сказалі, каб дасылаў рахунак ва Упраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй і Цэнтральны райаддзел міліцыі».

    І дадае ўслед, што смешнага ў вобшуках мала. На яго думку, цяпер зачышчаюць не толькі палітычных лідараў, актывістаў пратэсту, але і журналістаў, хто так ці інакш пісаў пра пратэсты ў сувязі з фальсіфікацыяй выбараў. Усё робіцца, каб нагнаць паболей страху на грамадства, каб людзі нават не згадвалі ні пра пратэсты, ні пра суды, ні пра катаванні, ні пра што іншае ў звязку з фальсіфікацыяй выбараў.

    Нататнікі, грошы, тэхніка

    Тры гадзіны цягнуўся ператрус 16 лютага ў гомельскай сяброўкі ГА «БАЖ» Ларысы Шчыраковай. Традыцыйна забралі відэакамеры, фотаапарат, знешні накапляльнік, беларускія банкаўскія карткі. Вёўся вобшук пад кіраўніцтвам усё тых жа аператыўнікаў мясцовага ГУБАЗiКа.

    «Ператрус не быў нечаканасцю, і ён у маёй біяграфіі не першы. Роўна дзесяць гадоў таму да мяне прыходзілі супрацоўнікі КДБ і таксама па справе масавых беспарадкаў у Менску пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Таму кажу: «Сябры, будзем трымаемся разам і святло абавязкова пераможа», — перакананая Шчыракова.

    Вобшукі міліцыя зрабіла і ў кватэрах бацькоў гомельскіх сябраў ГА «БАЖ» Яўгена Меркіса і Яўгеніі Парашчанка. У бацькі і брата Меркіса міліцыянты забралі камп’ютары, а таксама асабістыя рэчы Яўгена.

    Два ператрусы ў межах незразумелай крымінальнай справы пра арганізацыю масавых беспарадкаў перанесла Яўгенія Парашчанка, якая гадуе малое дзіця.

    «Першы ператрус быў у маіх бацькоў. Забралі татавы грошы — ён збіраў іх да свайго 65-годдзя, каб набыць электронную швейную машынку. Забралі нават банкаўскія карткі, на якія мама і тата атрымліваюць пенсіі. Пакінулі «на жыццё» 55 рублёў», — напісала Яўгенія Парашчанка ў Face­book.

    Другі ператрус быў у кватэры Яўгеніі, якую раней яна здымала разам з грамадскім актывістам Андрэем Стрыжаком. Юрыдычна Яўгенія застаецца яшчэ, як піша яна сама, жонкай Стрыжака.

    Апроч папер Андрэя, супрацоўнікі гомельскага ГУБАЗiКа вынялі грошы і асабістыя рэчы Яўгеніі, у прыватнасці, канспекты і матэрыялы лекцый, калі яна ў 2016–17 гадах вучылася на курсе BISH у БДПЧ. Забралі ўсё, дзе была хоць найменшая выява «Пагоні». Міліцыянты сказалі, што вынятыя рэчы ў запячатаным пакунку пераправяць у Следчы камітэт у Мінск.

    Намеснік генеральнага пракурора Дзмітрый Гора санкцыянаваў ператрус і ў журналіста з Рэчыцы Андрэя Мядзведзева.

    «Паднялі ўранку з ложка. Забралі нататнікі, мабільны тэлефон, дзелавыя паперы, бел-чырвона-белы сцяг і нават камізэльку з надпісам «Прэса». Відавочна, што 16 лютага сілавікі ўчынілі маштабную акцыю застрашэння незалежных журналістаў адначасова з выняткам тэхнікі, каб людзі не маглі нічога пісаць пра павальныя суды, пераслед ўдзельнікаў акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і факты бесчалавечнага гвалту сілавікоў», — распавёў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА «БАЖ» Андрэй Мядзведзеў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці