• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У журналіста Гардзіевіча, якога вінавацяць ў абразе прэзідэнта, правялі ўжо трэці ператрус

    Карэспандэнт інфармацыйнага сайта “Першы Рэгіён” Сяргей Гардзіевіч знаходзіцца пад хатнім арыштам з 25 снежня, а абвінавачанне паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкс (“Абраза прэзідэнта”) яму было прад'яўлена ў апошні дзень мінулага года.

    Карэспандэнт сайта “Першы Рэгіён” Сяргей Гардзіевіч

    Як стала вядома службе маніторынгу ГА «БАЖ», 12 лютага ў кватэру журналіста ў Драгічыне зноў прыйшлі прадстаўнікі сілавых структур. У выніку яны забралі хатні мадэм і мабільны тэлефон жонкі Сяргея Гардзіевіча — Святланы.

    Жанчына кажа, што забралі таксама і новы тэлефон, які быў набыты ў растэрміноўку, і ім яшчэ ўвогуле не карысталіся. Калі Святлана Гардзіевіч паспрабавала аспрэчыць гэтыя дзеянні і пакінуць свой тэлефон, яе папярэдзілі, што могуць прыцягнуць да адказнасці за непадпарадкаванне міліцыі.

    Што сталася нагодай для чарговага ператрусу ў кватэры драгічынскага журналіста, дакладна пакуль невядома. 22 лютага сканчаецца тэрмін знаходжання Сяргея Гардзіевіча пад хатнім арыштам. Ён не дае паказанняў і не прызнае сябе вінаватым у здзяйсненні злачынства, у якім яго абвінавачваюць. Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Сяргея Гардзіевіча палітвязнем.

    У перыяд з 22 снежня, калі журналіста “Першага Рэгіёна” затрымалі з удзелам прадстаўнікоў АМАПу, па цяперашні час тэлефон Сяргея Гардзіевіча двойчы накіроўвалі на экспертызу, а 2 лютага ў яго кватэры прайшоў другі ператрус.

    Дарэчы, ператрусы і вынятак тэхнікі адбыліся і ў калег журналіста — рэдактара сайта “Першы Рэгіён” Паўла Дайліда, у галоўнага рэдактара Пятра Гузаеўскага і спецыяліста рэкламнага аддзела Вольгі Грыцкевіч.

    Паводле слоў адваката Вольгі Аксюцік, якая абараняе інтарэсы Сяргея Гардзіевіча, яна мае намер хадайнічаць аб змене меры стрымання, бо відавочна, што да 22 лютага следства па справе не скончыцца.

    “Як следства павядзе сябе ў гэтай сітуацыі, сказаць складана. Напэўна, яны будуць усё ж такі падаўжаць на тых жа ўмовах — гэта значыць, хатні арышт”, — кажа адвакат. Яна таксама паведаміла, што пра далейшыя захады ў дачыненні да Сяргея Гардзіевіча следчыя нічога не кажуць.

    Дарэчы, на сёння справа драгічынскага журналіста перададзеная ўжо чацвёртаму следчаму. Вольга Аксюцік тлумачыць, што як бы не выглядала гэта дзіўным, але такое магчыма.

    “Хтосьці сыходзіць на бальнічны, у адпачынак, больш загружаны па працы. Таму можа быць прынята рашэнне перадаць справу любому следчаму, які ёсць у Драгічынскім райаддзеле Следчага камітэта. На практыцы такое сустракаецца і абсалютна ні пра што не сведчыць”, — паведаміла адвакат.

    Што тычыцца тэлефона журналіста, які ўжо двойчы накіроўвалі на экспертызу, то пра вынікі гэтых дзеянняў таксама нічога невядома. Акрамя ператрусу і экспертызы тэлефона, праводзілася і лінгвістычная экспертыза. Вынік яе ўжо вядомы, аднак казаць пра яго адвакат адмовілася, бо пакуль гэта лічыцца таямніцай следства.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці