Лунінецкая філія ГА “БАЖ” абрала старшыню і вылучыла дэлегатаў на з’езд
Справаздачна-выбарчы сход адбыўся ў філіі 11 лютага. Сябры арганізацыі адзначылі, што апошні год быў складаны ў камунікацыі. Тым не менш, адчувалася журналісцкая салідарнасць, падтрымка, у тым ліку юрыдычная, з боку цэнтральнага офісу.
За апошнія пасля мінулага з’езду тры гады Лунінецкая філія ГА “БАЖ” стала ініцыятарам шэрагу агульнабажаўскіх мерапрыемстваў, сярод якіх сплавы на байдарках па рэках Палесся, клубнічны фэст, “гранітны” прэс-тур, БАЖынкі і іншыя.
— Спадзяюся, што жыццё наладзіцца, і мы зможам у гэтым годзе часцей збірацца і ўвасобіць у жыццё свае ідэі, — заўважыла старшыня філіі Алена Насковіч.
На новы перыяд старшынёй Лунінецкай філіі ГА “БАЖ” аднагалосна зноў абраная Алена Насковіч, намеснікам — Вадзім Жылко, рэвізорам — Андрэй Вышынскі.
На ХІ справаздачна-выбарчым з’ездзе журналісцкай арганізацыі, які адбудзецца ў красавіку, філію будуць прадстаўляць галоўны рэдактар газеты “Информ-прогулка” Андрэй Вышынскі і галоўны рэдактар сеткавага СМІ “Медиа-Полесье” Святлана Гарда.