Блогера Паўла Спірына асудзілі на 4,5 года калоніі агульнага рэжыму
Мінскі гарадскі суд асудзіў блогера Паўла Спірына на чатыры з паловай гады калоніі агульнага рэжыму, перадае "Белсат".
Яго вінавацілі ў наўмысным распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці. Падставай для крымінальнай справы стаў фільм Спірына «Грань», дзе распавядаецца пра гандаль наркотыкамі ў Беларусі. Стужка была прызнаная ў Беларусі экстрэмісцкай. Аўтар спрабаваў праз суд аспрэчыць гэтае рашэнне, але безвынікова.
Таксама у абвінавачанні фігураваў відэаролік Спірына «Жудасная таямніца генпракурора Беларусі. Карт-бланш на садызм». У ім расказвалася пра падзеі 9 жніўня і гвалт сілавікоў над мірнымі дэманстрантамі
На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Спірын падаваў заяўку, але не змог зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу.