• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пракуратура адмовілася распачаць крымінальную справу супраць прапагандыста Рыгора Азаронка

    Пракуратура Завадскога раёна Мінска даслала адказ на зварот журналіста «Белсата» Ігара Ільяша, які лічыць, што ў дзеяннях прапагандыста Рыгора Азаронка маецца склад злачынства паводле арт. 203 КК («Парушэнне таямніцы ліставання»).

     

    Нагадаем, 13 студзеня на тэлеканале СТВ выйшла праграма Рыгора Азаронка «Таемныя спружыны палітыкі», у якой ён абвінаваціў палітзняволеную, журналістку «Белсата» Кацярыну Андрэеву ў тым, што 15 лістапада 2020 года яна праз стрым нібыта кіравала пратэстамі ў Мінску. Азаронак заявіў, што журналістка ў жывым эфіры каардынавала «масавыя закалоты» (менавіта так дзяржпрапаганда кваліфікуе мірную акцыю пратэсту на плошчы Пераменаў) і асабістым прыкладам «натхняла мяцежнікаў». Прапагандыст назваў Кацярыну «чыстай крымінальніцай», «замежным агентам», з якімі падчас вайны «разбіраўся СМЕРШ». У тым ліку ў сюжэце СТВ выкарыстоўваліся скрыншоты прыватнага ліставання Ігара Ільяша — мужа Кацярыны — з кіраўніком Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны Сяргеем Таміленкам.

    15 студзеня Ігар Ільяш накіраваў у міліцыю і пракуратуру заяву з просьбай правесці праверку і распачаць крымінальную справу супраць Азаронка паводле арт. 203 КК («Парушэнне таямніцы ліставання»).

    Ільяш таксама патрабаваў праваахоўныя органы высветліць, як Азаронак атрымаў скрыншоты асабістага ліставання. Калі яны былі атрыманыя ад праваахоўных органаў, якія арыштавалі тэхніку Ільяша ў межах крымінальнае справы супраць Кацярыны Андрэевай, то тады сілавікоў трэба прыцягнуць да адказнасці за разгалошванне звестак папярэдняга следства (ч. 2 арт. 407), бо камп’ютар і тэлефоны Ільяша раней былі прызнаныя «рэчавымі доказамі». Калі ж сілавікі не перадавалі гэтых скрыншотаў Азаронку, значыць, прапагандыст мог атрымаць доступ да ліставання толькі праз узлом акаўнту Face­book, што можа быць кваліфікавана паводле арт. 349 КК («Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі»), адзначаецца ў заяве.

    Адказ пракуратуры на заяву Ігара Ільяша

    Учора Ігар Ільяш атрымаў адказ ад пракурора Завадскога раёну Менску Аляксандра Кулакоўскага. У распачынанні крымінальнай справы супраць Азаронка было адмоўлена.

    «Устаноўлена, што вашая заява аб здзяйсненні Азаронкам і іншымі асобамі злачынстваў заснавана на здагадках, у ім няма прыкметаў здзяйснення Азаронкам альбо іншай асобай якога-небудзь злачынства», — адзначаецца ў адказе пракурора.

    Ігар Ільяш не згодны з такім рашэннем пракуратуры і мае намер яго абскардзіць.

    «Я лічу, што адказ пракуратуры цалкам неабгрунтаваны, — кажа ён, — Асабліва дзіўна чуць пра тое, што мая заява заснаваная нібыта на здагадках. У чым тут здагадкі, калі Азаронак апублікаваў фрагменты майго асабістага ліставання ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу? Мне падаецца, што такім чынам пракуратура проста хоча сысці ад непасрэднай ацэнкі дзеянняў Азаронка. А мне хацелася б пачуць ад пракуратуры зразумелую пазіцыю: дык усё ж парушаць таямніцу ліставання, публікаваць прыватную перапіску іншых асобаў у Беларусі можна? Ці гэта можна толькі дзяржаўным прапагандыстам і спецслужбам?»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці