Глыбоцкая суполка ГА “БАЖ” абрала новага кіраўніка і вылучыла дэлегатаў на ХІ з’езд арганізацыі
У Глыбокім 30 студзеня адбыўся выніковы сход Глыбоцкай суполкі ГА “БАЖ”. Падчас яго быў абраны новы кіраўнік і дэлегат на ХІ з'езд ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
На пачатку перад прысутнымі выступіла кіраўнік суполкі Таццяна Смоткіна і нагадала прысутным пра дзейнасць суполкі за тры апошніх гады. Падчас справаздачы яна адзначыла найбольш цікавыя і запамінальныя трэнінгі, акцыі і семінары. Для суполкі стала ўжо традыцыяй ладзіць акцыі 3 траўня – у Міжнародны дзень свабоды прэсы, адзначаць Дзень Волі, ушаноўваць памяць земляка Язэпа Драздовіча. А таксама ладзіць і прымаць удзел у іншых цікавых журналісцкіх семінарах, трэнінгах, прэс-турах ды іншых імпрэзах.
Як зазначыла Таццяна Смоткіна, у сувязі з апошнімі падзеямі і пандэміяй, 2020 год стаў самым запамінальным, але найменш актыўным у правядзенні афлайн мерапрыемстваў. Сёлета сябрам суполкі ў асноўным давялося прымаць удзел у агульных бажаўскіх анлайн імпрэзах праз Zoom.
Пасля лідар суполкі нагадала пра абавязак плаціць унёскі і распавяла пра варыянты аплаты.
Далей адбылося абранне новага кіраўнікі суполкі. Прагучала некалькі прапановаў пакінуць кіраўніком былога лідара. За гэтую прапанову прысутныя прагаласавалі адзінагалосна.
Пасля глыбачане прыступілі да абрання дэлегата на чарговы з’езд ГА “ БАЖ”. Старшынёй сходу быў абраны рэдактар “Вольнага Глыбокага” Уладзімір Скрабатун, сакратаром — Таццяна Смоткіна.
Старшыня сходу паведаміў аб тым, што 16 красавіка 2021 года ў Менску адбудзецца чарговы ХІ з’езд ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Згодна Статуту і рашэнню Рады (пр. № 2 ад 22 снежня 2020 года) неабходна абраць дэлегатаў, якія прымуць удзел у працы XІ з’езда ГА “БАЖ”. Паводле рашэння Рады глыбоцкая суполка мае права вылучыць на з’езд аднаго дэлегата.
Дэлегатам была абраная кіраўнік суполкі Таццяна Смоткіна.
Напрыканцы імпрэзы журналісты абмеркавалі надзённыя праблемы і планы надалей. А кіраўнік суполкі параіла яшчэ запоўніць анкету аб патрэбах і прапановах журналістаў па дзейнасці ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” на 2021 год.