• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Палітычны крызіс — магчымасць пераасэнсаваць сітуацыю з інклюзіўнасцю». Што цяпер пісаць пра ўразлівыя групы насельніцтва

    У Беларусі за апошні год ёсць дзве топавыя тэмы — каронавірус і пратэсты. Паразмаўлялі, як расказваць гісторыі людзей з уразлівых груп у гэтых умовах.

    У гутарцы ўдзельнічалі дырэктар офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі, сузаснавальнік праваабарончай ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць» і менеджар праектаў па развіццю СМІ IBB Алег Ражкоў, рэдактар спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік.

    Якой была ўвага да ўразлівых груп да 2020 года?

    Алег Ражкоў: Журналісты не пісалі пра ўразлівыя групы толькі па дзяжурных датах. З’яўляецца ўсё больш журналістаў, якія пішуць на сацыяльныя тэмы і пра ўразлівыя групы. З кожным годам зацікаўленасць да такіх гісторый расце.

    Сяргей Драздоўскі: Больш актыўнае асвятленне тэм пачалося прыкладна пяць год таму. Людзі з інваліднасцю сталі больш цікавіцца і даведвацца пра свае правы. У апошнія пяць год пачалі рэалізоўвацца планы, якія задумваліся дзесяць год таму — безбар’ерная асяроддзе, як прыклад. Таксама і журналісты сталі пісаць лепш і больш пра праблемы ўразлівых груп.

    Прадстаўнікі ўразлівых груп выходзілі на тэматычныя акцыі пратэсту. Якое стаўленне да такога кроку было адразу і як яно змянілася з цягам часу?

     Алег Ражкоў: Выходзяць розныя сацыяльныя групы. Гэта, у першую чаргу, развіццё грамадства, людзі аб’ядноўваюцца. ЛГБТ-супольнасць таксама выходзіла на пратэсты. Былі і канфліктныя моманты, але гэта добра, бо ўздымаліся пытанні: “А што нас аб’ядноўвае?”, “Ці агульныя ў нас мэты ў пратэсце?”. З кожным абмеркаваннем людзі становяцца бліжэй да агульнага бачання будучыні краіны.

    Ірына Новік: Мы заўважылі, што навіны пра ЛГБТ-людзей на пратэстах успрымаліся вельмі пазітыўна. Мы прааналізавалі сітуацыю і вырашылі, што пратэсты для ўразлівых груп — гэта магчымасць. Я лічу, што палітычны крызіс —гэта магчымасць пераасэнсаваць сітуацыю з інклюзіўнасцю.

    Сяргей Драздоўскі: Рэвалюцыйная сітуацыя ў краіне дала магчымасць людзям з інваліднасцю выйсці на вуліцу са сваёй пазіцыяй. Людзі з інваліднасцю выходзілі і раней, напрыклад, на Чарнобыльскі шлях. Сярод людзей з інваліднасцю ёсць прыхільнікі перамен і дзейнай улады, яны паміж сабой спрачаюцца.

    Выхад людзей з інваліднасцю на пратэсныя маршы – гэта нетыповая з’ява. Драздоўскі мяркуе, што людзі выйшлі з‑за таго, што дзяржава ігнаравала гэтую групу. Рэвалюцыйны запал даў зразумець усім, што чыноўнікі проста прыгожа казалі, а нічога не рабілі. Людзі з інваліднасцю зразумелі, што без татальных змен у грамадстве іх праблемы таксама не будуць вырашаныя.

    Якія небанальныя тэмы вы параіце журналістам пра ўразлівыя групы?

    Алег Ражкоў: Я супрацоўнічаюць з газетай «Салідарнасць». Колькасць публікацый не змянілася з‑за пандэміі. Мы нават зрабілі праект «Уязвимые 2.0» — гэта праект пра тое, што людзі з уразлівых груп праз каронавірусную пандэмію сталі яшчэ больш уразлівымі. Калі людзі хочуць чытаць пра гэтыя дзве вельмі важныя тэмы, то можна праз іх паказваць жыццё і такіх людзей.

    Сяргей Драздоўскі: Тэмы і трэнды, якія былі раней, яны так і засталіся запатрабаванымі. Напрыклад, жыццё людзей у інтэрнатах, якія сталі яшчэ больш закрытымі. Журналістам добра было б паглядзець на старыя публікацыі: што цяпер з людзьмі, пра якіх мы расказвалі некалькі год таму.

    #pra­vanain­fo

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці