• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Усяляк прыцягвала да сябе ўвагу, гуляючы з кубачкам кавы» — Бабруйскі суд у другі раз вярнуў справу журналісткі на дапрацоўку

    Суд над карэспандэнткай “Бобруйского курьера”, кіраўніцай бабруйскай суполкі ГА “БАЖ” Марынай Маўчанавай распачаўся 5 студзеня. Дзяўчыну абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсці, у той час як па заданні рэдакцыі яна асвятляла акцыю. 6 студзеня суддзя Алена Гормаш вярнула справу ў міліцыю на дапрацоўку.

    Як падчас працы на мітынгу ў Бабруйску затрымалі ўсіх журналістаў

    Марыну Маўчанаву затрымалі яшчэ 4 кастрычніка падчас працы на мірным шэсці бабруйчан. Тады на маршы ў Бабруйску арыштавалі ўсіх удзельнікаў (каля 20 чалавек) і чацвярых журналістаў, якія асвятлялі акцыю: Алесю Лацінскую — карэспандэнтку гарадскога партала bobr.by, сябра ГА “БАЖ”, Юрыя Камісарава — фатографа bobr.by, Дзяніса Носава — журналіста газеты “Вечерний Бобруйск”, сябра ГА “БАЖ” і Марыну Маўчанаву.

    Амаль усе затрыманыя наступную ноч правялі ў ізалятары часовага ўтрымання. У дачыненні іх міліцыя склала адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП).

    Некаторых пасля судоў 5 кастрычніка адпускалі, як Алесю Лацінскую, якую пазней аштрафавалі на 15 базавых. Фатограф Юрый Камісараў правёў у ІЧУ сем сутак. Дзяніс Носаў — трое. Носаў на дадзены момант адзіны журналіст, чыю справу суд закрыў за адсутнасцю правапарушэння, прызнаўшы яго журналістам СМІ.

    Марына Маўчанава ў тую ноч пасля затрымання трапіла з ІЧУ ў лякарню з падвышаным ціскам.

    Толькі ў лістападзе карэспандэнтка атрымала паведамленне з суда, што яе справа вернутая ў УУС на дапрацоўку. Прычынамі вяртання было няпоўнае азнаямленне Марыны з матэрыяламі справы, а таксама адсутнасць дакладнай інфармацыі пра месца працы карэспандэнткі і яе службовыя адносіны з рэдакцыяй.

    Пасля дапрацоўкі першае судовае пасяджэнне было прызначана на 25 лістапада, але Марына знаходзілася на бальнічным, і працэс быў прыпынены.

    Бабруйскі падпалкоўнік не змог разабрацца, каля якога дома быў парушаны закон?

    Суд распачаўся толькі 5 студзеня. На першым пасяджэнні Марына Маўчанава не пагадзілася з пратаколам і з правапарушэннем, у якім яе абвінавачваюць (ч. 1 арт. 23.34 КаАП — парушэнне парадку падрыхтоўкі і правядзення масавых мерапрыемстваў). Дзяўчына падкрэсліла ў судзе, што не ўдзельнічала ў пратэстным шэсці, а толькі рабіла сваю працу карэспандэнта.

    Службовая асоба, якая вядзе адміністрацыйную справу, участковы інспектар аддзялення міліцыі Першамайскага раёна УУС Бабруйскага гарвыканкама Алег Аскірка ў суд не прыйшоў — нібыта знаходзіцца на самаізаляцыі як кантакт першага ўзроўню па COVID-19.

    У якасці сведкі з боку міліцыі выступаў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Бабруйскага гарвыканкама падпалкоўнік міліцыі Сяргей Рудзько. Ён распавёў суду, што ў той дзень, 4 кастрычніка, на службовым аўтамабілі “Джылі” некалькі разоў праехаў па вуліцы Сацыялістычнай, уздоўж якой ішоў марш, і заўважыў у калоне пратэстоўцаў Марыну Маўчанаву. Адвакат Марыны Аляксандр Рыжкоў звярнуў увагу суда, што ў матэрыялах справы фігуруюць розныя адрасы як месца здзяйснення правапарушэння: у адным месцы гэта дом №105 па вуліцы Сацыялістычнай, у іншых — дом №115. Адвакат запытаўся ў Рудзько пра гэтыя разыходжанні, і той не змог уцямна патлумачыць. Таксама як і тое, як і навошта ён стаў са службовай асобы, якая вядзе справу, сведкам. Падпалкоўнік распавёў, што ён пачынаў весці справу Маўчанавай, але пасля таго, як пабачыў карэспандэнтку на відэазапісу шэсця, зразумеў, што ён — сведка, і перадаў справу Алегу Аскірка.

    Усяляк прыцягвала да сябе ўвагу, гуляючы з кубачкам кавы

    Адвакат задаваў пытанні і пра іншыя нестыкоўкі ў справе журналісткі. Даць уцямныя і дакладныя адказы Рудзько таксама не мог. Тым не менш, суд прымаў усе яго тлумачэнні.

    У пратаколе аб правапарушэнні Маўчанавай было ўказана, што яна “ўсяляк імкнулася прыцягнуць да сябе ўвагу” як удзельніца шэсця. На пытанні адваката і самой Марыны пра тое, якім жа чынам яна прыцягвала да сябе ўвагу, Рудзько патлумачыў, што яна ішла з кубачкам кавы ў арганізаванай калоне людзей, не маючы на гэта дазволу Бабруйскага гарвыканкама.

    Як сведкі былі апытаныя таксама галоўны рэдактар “Бобруйского курьера” Анатоль Санаценка і журналіст “Вечернего Бобруйска” Дзяніс Носаў.

    У якасці доказаў правапарушэння ў справе Марыны фігуруюць відэазапісы, зробленыя інфармацыйнай службай міліцыі падчас шэсця. Тыя ж запісы праходзілі і ў справе журналіста Дзяніса Носава, але адрозніваецца памер. У сувязі з чым адвакат мяркуе, што запісы маглі быць змененыя. Каб зняць пытанні датычна відэа, Рыжкоў падаў хадайніцтвы аб выкліку ў якасці сведкі тэхнічага спецыяліста бабруйскага УУС Аляксандра Лобана і аб прадстаўленні для агляду ў судзе відэаматэрыялаў са справы Носава.

    6 студзеня суддзя Гормаш адмовіла ў задавальненні хадайніцтваў, а таксама зачытала пастанову аб вяртанні справы ў УУС для ліквідацыі недахопаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці