Cмаргонскага прадпрымальніка, былога выдаўца асудзілі за паклёп на міліцыянтаў
2 года і 6 месяцаў «хіміі» прысудзілі смаргонскаму прадпрымальніку, былому выдаўцу "Новай газеты Смаргоні" Рамуальду Улану нібыта за паклёп на міліцыянтаў, паведамляе Белсат.
Напачатку восені ў Смаргоні з’явіліся ўлёткі, дзе былі напісаныя асабістыя дадзеныя міліцыянтаў, а таксама на ўлётках сцвярджалася, што міліцыянты даюць ілжывыя сведчанні на судах. Рамуальд сфатаграфаваў улёткі, што віселі ў Смаргоні, і размясціў фота ў гарадской суполцы ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». За гэта сямёра смаргонскіх міліцыянтаў падалі ў суд на прадпрымальніка.
55-гадовы Рамуальд Улан аказвае друкарскія паслугі, у ягоным офісе ў верасні было канфіскавана 13 адзінак тэхнікі. Неабыякавыя людзі некалькі дзён неслі прадпрымальніку тэхніку, кампʼютары і паперу, каб ён мог працягваць дзейнасць.
«Новая газета Смаргоні» была адзіным зарэгістраваным незалежным выданнем на тэрыторыі Смаргонскага раёна. У 1996 годзе выданне пачыналася з лістка фармату А4 з двух бакоў. У 2003 годзе газета была зачыненая намаганнямі мясцовых уладаў, на той час у рэдакцыі працавалі 28 чалавек.