«Ад новага года чакаю справядлівасці» — сябры БАЖ дзеляцца сваімі спадзевамі на 2021 год
Якія падзеі 2020 года найбольш ярка запомніліся, як ён вас змяніў? Чаго чакаеце ад 2021 года? З такімі пытаннямі звярнуліся да некаторых сябраў ГА "БАЖ".
Руслан Кулевіч, Гродна: Было не да гісторыі. Мусіў пісаць пра палітыку і пацярпелых ад гвалту
— Запомнілася прэзідэнцкая кампанія. Усё пачалося ў маі, калі ў Гродна затрымалі Ціханоўскага. Я бачыў, як усё адбывалася і колькі невінаватых затрымалі. Быў на плошчы, калі чалавека проста з крэслам затрымалі за тое, што ён збіраў подпісы. Той чалавек сядзіць ужо сем месяцаў. А за што — незразумела.
У 2020 годзе ставіў мэты — выпусціць кнігі. Але з‑за гэтых падзей не было магчымасці займацца кнігамі, зборам інфармацыі для іх. Было не да гісторыі і краязнаўства. Мусіў увесь час пісаць пра палітыку, браць інтэрв’ю ў пацярпелых ад гвалту. Прыйшлося парушыць традыцыю: штогод у студзені прадстаўляць гродзенцам па кнізе.
2020 паказаў, што мы неабароненыя, законы не працуюць. Калегі-журналісты і сёння сядзяць за кратамі. Мы працуем, паказваем людзям праўду і церпім праз гэта.
Хачу, каб у 2021 законы былі для ўсіх аднолькавыя. І каб тыя міліцыянеры, якія збівалі мяне і маіх калег, адказалі перад законам. Ад новага года чакаю справядлівасці.
Аляксандр Тамковіч, Мінск: Змянілася ўсё, апроч уласных перакананняў
— Больш за ўсё у 2020 годзе запомніліся падзеі вакол 9 жніўня. Памятаеце, раней была папулярнай перадача «До и после полуночи»? Так і цяпер — да і пасля прэзідэнцкіх выбараў. У гэты перыяд ўсё змянілася так кардынальна, што пра гэта можна расказваць бясконца. І пра тое, што было, і пра тое, што будзе. Аднак я хачу зрабіць акцэнт на тым, як змянілася ўлада. Дакладней не змянілася, а паказала свой сапраўдны твар. Калі толькі-толькі у Беларусі з’явіўся каронавірус, чорны гумар адказаў фразай — «у краму цяпер трэба пасылаць тых, каго не шкада»…
Дык вось, улада паказала, што ёй не шкада нікога. Пра адносіны да іншадумцаў сказаць нешта новае цяжка. «Адмарозкаў» не шкадавалі ніколі.
Уплыў 2020 такі моцны, што змянілася ўсё, апроч перакананняў. Яны як былі «нячэснымі», так і засталіся.
А новай звычкай стала тое, што я стаў уважліва глядзець на вокны дамоў і шукаць там рэчы «па схеме БЧБ». Раней бел-чырвона-белых колераў было больш, бо зараз за іх судзяць і штрафуюць. У суседнім з нашым домам раней на балконах пятага і чацвёртага паверхаў аднаго з пад’ездаў былі нацыянальныя сцягі. Калі іх прымусілі зняць, на пятым паверсе белыя лямпачкі пішуць слова «Жыве», а на чацвёртым чырвоныя «Беларусь!».
Цікава, што пакуль я не бачыў ніводнага акна, дзе быў бы чырвона-зялёны сцяг.
Чаго чакаю ад 2021? Напэўна, кожны з нас бачыў пясочны гадзіннік. Час гэтай улады абавязкова скончыцца, бо гадзіннік ужо перавернуты і пясок сыплецца. Можна перашкодзіць хуткасці, але спыніць час немагчыма.
Па ўсходнім календары наступны год будзе годам Быка, а потым прыйдзе год Тыгра. Упэўнены, палоскі ў яго будуць «па схеме БЧБ».
Наталля Клёніна, Баранавічы: Упершыню атрымала досвед уцёкаў ад АМАПа
— У 2020 найбольш запомніліся падзеі пасля 9 жніўня, ноч у цэнтры Баранавічаў 10 жніўня і бел-чырвона-белая нядзеля 16 жніўня, а таксама перанесены кавід. Увесь год уяўляў сабой эмацыйныя арэлі — ад надзей на лепшае да жахлівай дэпрэсіі.
Самая істотная змена ў 2020‑м — я сышла з дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Цяпер працую ў іншай сферы. А яшчэ ўпершыню атрымала досвед, як уцякаць ад АМАПа. За рукі з сябрамі бегчы лягчэй.
Ад 2021 нічога не чакаю. Што будзе, тое будзе.
Аляксандра Парахня, Маладзечна: Важна ўпэўніцца, што ў нядзельны вечар калегі і сябры вярнуліся дамоў
— З 2020 запомніліся шэсць дзён, якія я правяла пад дзвярыма выбарчага ўчастка ў Маладзечне як назіральніца. Вельмі важны і каштоўны для мяне досвед, упершыню я знутры пабачыла тое, пра што раней толькі чула. Іншыя пасляжнівеньскія падзеі, вядома, таксама застануцца ў памяці. Але тут я мала што скажу новага — ледзь не кожны беларус зможа сказаць тое ж, што і я.
Палітра эмоцый, перажытых за гэты год, хіба ледзь не самая багатая за ўсё маё жыццё.
2020 не змяніў мае перакананні. Вельмі каштоўнымі сталі моманты, на якія раней не звяртала ўвагі, — сустрэцца з сябрамі ў рэале, злавіць інтэрнэт у заглушаным горадзе, упэўніцца, што ў нядзельны вечар усе сябры і калегі вярнуліся дамоў.
Змяніўся стыль адзення. Злавіла сябе на думцы, што амаль не апранала сукенкі ці спадніцы. Па-першае, працаваць у Zoom куды зручней у піжамных штанах. А па-другое, пры некаторых выхадах у горад куды важнейшыя зручныя штаны, цёплыя шкарпэткі і швэдар, бо не ведаеш, праз колькі дзён зможаш вярнуцца дамоў.
Ад 2021 чакаю перадусім таго, чаго не хапіла ў 2020 — справядлівасці, спакою, цеплыні, падарожжаў. А таксама таго, чаго ў 2020 было вельмі шмат, але з чым не хацелася б расставацца, — салідарнасці і ўпэўненасці, што беларусы — неверагодныя і могуць сапраўды ўсё.
Фота з сацыяльных сетак