• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Палітвязьню Ігару Лосіку працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай да 25 сакавіка

    Сам Ігар Лосік працягвае галадоўку, якую абвясьціў 15 сьнежня. Ён у няволі ад 25 чэрвеня.

    Жонка ігара Лосіка Дарʼя паведаміла ў сваім інстаграме, што Ігару Лосіку працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай на тры месяцы, да 25 сакавіка.

    25 сьнежня меў бы завершыцца гранічны тэрмін ягонага ўтрыманьня пад вартай паводле папярэдняга абвінавачаньня. Але 15 сьнежня кансультант Радыё Свабода палітзьняволены Ігар Лосік стаў фігурантам новай крымінальнай справы — «падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках» (ч. 2 арт. 293 КК РБ).

    Ігар Лосік віны не прызнаў і адрэагаваў на новую справу супраць яго абвяшчэньнем бестэрміновай галадоўкі да зьняцьця ўсіх абвінавачаньняў або зьмены меры стрыманьня. Ён лічыць свой крымінальны перасьлед палітычна матываваным. Да галаданьня 15 сьнежня далучалася і яго жонка Дар’я Лосік, але 21-га спыніла галадоўку — патлумачыла гэта тым, што на яе пачаўся моцны прэсінг.

    Дарʼя Лосік напісала, што Ігар спыняць галадоўку не намераны і працытавала ліст ад яго:

    «Дзякуй за „падарунак“ на Каляды. Але мне ўсё адно. Я ведаю, што ні ў чым не вінаваты, мне няма ў чым прызнавацца. Гэта ведаюць усе вакол, у тым ліку і людзі, якія кантралююць маю крымінальную справу. Але яшчэ раз паўтараюся, усе дзеяньні сьледчых і пракурораў па працягу рэпрэсій у дачыненьні да мяне і маёй сямʼі не паўплываюць на маё рашэньне. Пасьля пагрозаў маёй сямʼі адступаць мне ўжо няма куды. Я гатовы памерці, але ня здацца, гатовы доўга мучацца, але ламацца не зьбіраюся. Хоць цела маё замкнутае ў цямніцы, мая душа свабодная і знаходзіцца зь сямʼёй. Я да апошняга ўздыху буду іх любіць», — напісаў Ігар Лосік.

    Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

    На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальную справу паводле артыкула за арганізацыю масавых беспарадкаў.

    Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасьля ператрусу дому ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек (цяпер — звыш 400 тысяч).

    Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі сёлетніх выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітвязьнем.

    Апрача гастрыту, іншых скаргаў на здароўе Ігар Лосік ня мае, ён прымае патрэбныя мэдыкамэнты, але агулам знаходжаньне пад вартай кепска паўплывала на стан ягонага здароўя.

    Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці