Затрыманыя супрацоўнікі Прэс-клуба застаюцца пад вартай. Іх падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў
Затрыманыя супрацоўнікі Прэс-клуба застаюцца пад вартай. Такая мера стрымання абраная Генеральнай пракуратурай. Пра гэта Tut.by паведаміў адвакат Антон Гашынскі.
Пад вартай застаюцца стваральніца Прэс-клуба Юлія Слуцкая, праграмны дырэктар Ала Шарко, фінансавы дырэктар Сяргей Альшэўскі, кіраўнік Акадэміі Прэс-клуба Сяргей Якупаў, аператар Пётр Слуцкі.
Яны знаходзяцца ў статусе падазраваных па крымінальнай справе па частцы 2 артыкула 243 КК (Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).
Сёння ўсіх затрыманых дапыталі ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў КДК.
Як распавёў Антон Гашынскі, у дачыненні да іх абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Яны будуць знаходзіцца ў СІЗА.
— Далей крымінальная справа павінна быць перададзена ў Следчы камітэт, які на працягу 10 дзён вырашыць пытанне аб выстаўленні абвінавачвання.