«Я — журналіст. Чаму вы мяне б’яце?» Выйшла кніга гісторый пра беларускіх журналістаў
Польская асацыяцыя журналістаў (SDP) у супрацоўніцтве з Беларускай асацыяцыяй журналістаў (ГА "БАЖ"), Нацыянальным саюзам журналістаў Украіны (NUJU), Еўрапейскай федэрацыяй журналістаў (EFJ) прэзентавала сёння кнігу "Я — журналіст. Чаму вы мяне б'яце?" ў межах акцыі салідарнасці з рэпрэсаванымі журналістамі ў Беларусі.
Кніга складаецца з 20 гісторый пра беларускіх журналістаў, якія сталі ахвярамі рэпрэсій толькі таму, што яны выконваюць свой прафесійны абавязак: паведамляць пра падзеі, якія праходзяць у іх краіне.
Дырэктар выдання — СяргейТаміленка, кіраўнік Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны, член Кіруючага камітэта EFJ.
Аўтары рэпартажаў і інтэрв’ю — беларускія журналісты: Кацярына Андрэева (цяпер знаходзіцца ў зняволенні па крымінальным абвінавачванні), Вольга Івашэнка, Ігар Ільяш і ўкраінскі журналіст Назарый Віўчарык.
«Мы хочам, каб інфармацыя пра пераслед журналістаў у Беларусі была распаўсюджана як мага шырэй і прагучала па ўсім свеце», — сказаў Кшыштаф Скаўронскі (Krzysztof Skowronski), прэзідэнт Польскай асацыяцыі журналістаў.
«Словы — наша зброя. Мы будзем абараняць журналістаў. Мы не будзем маўчаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Мы будзем патрабаваць павагі да нашых правоў і нашай працы», — дадаў Сяргей Таміленка.
Героі гісторый, прадстаўленых у кнізе, — журналісты незалежных беларускіх СМІ, у тым ліку «Белсата», «Еўрарадыё», «Нашай Нівы», «Радыё Свабода», партала Tut.by.
Назвы раздзелаў кнігі паказваюць, наколькі неверагодна цяжкія сёння ўмовы жыцця і працы беларускіх журналістаў:
«Яны распранулі мяне дагала і білі нагамі па жываце», «Мяне зачынілі ў камеры катаванняў», «Я быў як на вайне»,» Калі ў мяне патрапіла куля, я сказала «о» і працягнула бегчы «…
«З пачатку гэтага жудаснага крызіса я вельмі ганаруся міжнароднай мабілізацыяй на карысць беларускіх журналістаў. У гэтыя цяжкія часы нам як ніколі патрэбна міжнародная салідарнасць. І я шкадую аб павольнай рэакцыі Еўрапейскага Саюза, Савета Еўропы і АБСЕ. Паважаныя калегі, вы можаце разлічваць, што EFJ будзе працягваць аказваць ціск на еўрапейскіх палітыкаў. EFJ будзе працягваць падтрымліваць свабодную і незалежную журналістыку ў Беларусі», — сказаў генеральны сакратар EFJ Рыкарда Гуцьеррэс.
Кніга выйшла на пяці мовах: польскай, англійскай, беларускай, украінскай і рускай. Дзяліцеся гэтымі гісторыямі з іншымі.