Праваабаронцы «Вясны» зрабілі сайт пра палітвязьняў. Цяпер такіх у Беларусі 158
Закрыты ўладамі праваабарончы цэнтар «Вясна» зрабіў рэбрэндынг старонкі, прысьвечанай палітычным зьняволеным Беларусі. Цяпер актуальную інфармацыю пра вязьняў можна знайсьці на сайце prisoners.spring96.org.
У кожнага палітычнага зьняволенага, якіх на 21 сьнежня ў краіне 158 чалавек, ёсьць свая старонка на гэтым сайце, дзе сабраныя ўсе вядомыя на бягучы момант зьвесткі пра іх. Там можна даведацца:
• аб працы, адукацыі, хобі і іншых інтарэсах вязьня
• абставінах крымінальнай справы і затрыманьня
• храналёгіі судовых працэсаў
• адрасе для лістоў.
Таксама на інтэрнэт-старонцы можна знайсьці зьвесткі пра былых палітзьняволеных, апошнія навіны пра цяперашніх вязьняў, мапу з адрасамі месцаў зьняволеньня і парады, як можна дапамагчы рэпрэсаваным.
Інфармацыя аб палітвязьнях дапаўняцца і абнаўляцца. Калі вам вядомыя зьвесткі, не пазначаныя на сайце, праваабаронцы просяць паведамляць пра гэта на пошту viasna@spring96.org.