Звольніўся намеснік галоўнага рэдактара «Прэсбола» Уладзімір Пірог
Намеснік галоўнага рэдактара «Прэсбола» Уладзімір Пірог абвясціў пра сыход з вядучага спартыўнага выдання Беларусі.
«Чамусьці ўспомніўся БГ і яго цудоўны зімовы MTV unplugged у 2018‑м: «Доўга мы пісалі гэты альбом. Шмат усяго было, аб чым і не скажаш». Але можна ж і коратка… Творчаму калектыву «Прэсбола»: хлопцы, дзякуй за гэтыя шалёныя 20 гадоў!»- напісаў Пірог у фэйсбуку.
Раней пра рашэнне сысці з газеты абвясціў журналіст Сяргей Мардасевіч.
Учора галоўным рэдактарам «Прэсбола» быў прызначаны чалавек звонку Сяргей Лісічкін, што раней працаваў у «Спартыўнай панараме» і на АНТ.
Прызначаны галоўны рэдактар «Прэсбола». Ім стаў былы журналіст АНТ
Уладальнікам 50% акцый выдання з’яўляецца Беларуская федэрацыя футбола. За амаль 30-гадовую гісторыю «Прэсбола» яго ўзначальвалі журналісты газеты: Аляксандр Барысевіч, Уладзімір Беражкоў, Сяргей Кайко і Дзмітрый Герчыкаў.
Пасля сыходу Герчыкава, які ўзначальваў газету з ліпеня, некалькі нумароў выходзілі пад кіраўніцтвам намесніка галоўнага рэдактара Дзмітрыя Беленькага. Пісалася, што рэдакцыя актыўна прапаноўвала кандыдатаў на пасаду галоўрэда з ліку сваіх журналістаў, аднак не знайшла разумення ў АБФФ.