Cледчыя органы пачалі збор інфармацыі ў дачыненні да журналіста Дзяніса Івашына
6 снежня ў Гродне былі затрыманыя журналісты інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Марына Харэвіч і Сяргей Людкевіч. У дачыненні гродзенскага журналіста Дзяніса Івашына следчыя органы пачалі збор інфармацыі.
Вуліца Антонава побач з Скідальскім рынкам, Гродна, 6 снежня / belsat.eu
Марыну Харэвіч сілавікі затрымалі непадалёк Скідальскага рынка, дзе мелася адбыцца акцыя пратэсту. У раёне правядзення мерапрыемства перад яго пачаткам назіралася значная канцэнтрацыя прадстаўнікоў праваахоўных органаў і службовага аўтатранспарту.
Затрыманых журналістаў адвезлі ў Ленінскі РАУС Гродна. Пратрымалі там тры гадзіны, пасля вызвалілі без складання пратаколаў.
У гэты ж дзень прадстаўнікі Следчага камітэта апытвалі жыхароў кватэр пад’езда па месцы жыхарства журналіста Дзяніса Івашына — цікавіліся ў суседзяў пра яго месца працы і пра наяўнасць ва ўласнасці транспартных сродкаў.
Як паведаміў Івашын службе маніторынгу ГА “БАЖ”, супрацоўнікі СК тлумачылі, што збіраюць інфармацыю пра яго асобу для стварэння характарыстыкі.
Журналіст лічыць гэта наўпроставым ціскам сілавых структур, спробай запалохаць і перашкодзіць прафесійнай дзейнасці.