У Акцябрскім прыйшлі з аглядам жытла да жанчыны, якая дала пачытаць іншым «Рудабельскую паказуху»
У райцэнтры Акцябрскі міліцыя правяла агляд жылля і падсобных памяшканняў у тутэйшай жыхаркі Наталлі Шамяковай. Пастанову на гэты конт прыняў участковы інспектар старшы лейтэнант міліцыі Дробаў, а санкцыянаваў агляд раённы пракурор Андрэй Лявончык.
Шукалі самвыдатаўскую газету «Рудабельская паказуха» — яе выдаваў у гарадскім пасёлку вядомы блогер Андрэй Павук. Так званы агляд Наталля запісала на відэа, якое з’явілася на YouTub-канале «Рудабельская паказуха».
Высветлілася, што падставай для агляду стаў зварот у пракуратуру дырэктара ТАА «Люмбекс» Артура Дудашэнкі, які паведаміў, што Шамякова «распаўсюдзіла ў апошняй дэкадзе кастрычніка друкаваную прадукцыю — два экзэмпляры «Рудабельскай паказухі» № 15 ад 25.09.2020 г. і памяткі да іх».
«Мне далі пачытаць газету, я яе з задавальненнем пачытала і дала іншым пачытаць. Што тут такога?», — гублялася ў здагадках жанчына.
Міліцыянты, якія праводзілі агляд, не змаглі адразу ўцямна патлумачыць гаспадыні, у чым можа палягаць адміністрацыйнае парушэнне — «Рудабельская паказуха» не забароненая, не прызнаная шкоднай. І толькі калі міліцыянт сказаў, што адміністрацыйным парушэннем з’яўляецца выпуск незарэгістраванай газеты накладам 300 і больш асобнікаў, жанчына ўздыхнула з палёгкай. Бо ў гэтым выпадку прэтэнзіі мусяць быць не да распаўсюдніка, а да выдаўца газеты.
У райцэнтры добра ведаюць, што «Рудабельскую паказуху» выдавала не Шамякова, а Андрэй Павук, які паўсюдна яе прэзентаваў. Выглядае на тое, што міліцыя шукае нейкую нагоду, каб прад’явіць прэтэнзіі менавіта блогеру Павуку, які ў кастрычніку эміграваў з сям’ёй у Літву.